У Расеі рыхтуюць праект аб пакараньні за адмаўленьне генацыду савецкага народу. У Беларусі падобны закон прынялі на 2 гады раней

Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўная Дума Расеі рыхтуе законапраект, які ўвядзе пакараньне за адмаўленьне генацыду савецкага народу ў час Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта паведаміла намесьніца сьпікера ніжняй палаты расейскага парлямэнту Ірына Яравая, перадае ТАСС.

«Мною і маімі калегамі рыхтуецца дадзеная заканадаўчая ініцыятыва аб адказнасьці за адмаўленьне генацыду», — сказала Яравая.

Яна заклікала Міністэрства юстыцыі і Сьледчы камітэт Расеі падтрымаць законапраект.

У красавіку Дума прыняла закон, які замацоўвае паняцьце «генацыд савецкага народу».

У Беларусі закон, які ўводзіць крымінальную адказнасьць за адмаўленьне генацыду беларускага народу, набыў моц яшчэ ў студзені 2022 году. Адпаведны артыкул у Крымінальным кодэксе зьявіўся пад нумарам 130-2.

У сьпісе палітвязьняў «Вясны» ёсьць адзін чалавек, асуджаны паводле гэтага артыкулу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі першы вырак за «адмаўленьне генацыду беларускага народу»


У Расеі ня першы раз прымаюць законы, якія выклікаюць у беларусаў пачуцьцё дэжа-вю

«Дыскрэдытацыя»

  • За дыскрэдытацыю войска ў Расеі сталі караць пасьля пачатку вайны ў лютым 2022 году.
  • У Беларусі за дыскрэдытацыю дзяржавы масава караюць зь вясны 2021 году.


«Замежныя агенты» і «экстрэмісцкія фармаваньні»

  • У Расеі закон пра замежных агентаў зьявіўся ў 2012 годзе, але зрабілі яго максымальна жорсткім пасьля пачатку вайны ў 2022-м, працэс закручваньня гаек працягваецца і цяпер.
  • У Беларусі закон «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму» прынялі ў 2007 годзе, але масава зьнявольваць людзей пачалі пасьля 2020-га. Прычым этапу штрафаў і абмежаваньня правоў, як у Расеі, не было.


Удзел у недазволеных пратэстах

  • Закон «Аб масавых мерапрыемствах» у Беларусі прынялі ў 1997 годзе. Ужо тады трэба было атрымаць дазвол на акцыю, а не папярэдзіць пра яе, як у Расеі. У 2010, 2014, 2021 гадах закон узмацнялі.
  • У Расеі адпаведны закон прынялі ў 2014 годзе. Прычым заставалася магчымасьць у пэўных выпадках праводзіць акцыі, паведаміўшы пра іх, а не запытаўшы дазволу. Закон таксама ня раз рабілі больш жорсткім, урэшце дайшоўшы да крымінальнай адказнасьці за ягонае парушэньне.


Звальненьні нязгодных

  • З 2022 году ў Расеі праводзяць фільтрацыю дзяржаўных службоўцаў з гледзішча ляяльнасьці.
  • У Беларусі каталізатарам гэтых працэсаў сталіся пратэсты 2020 году, пасьля якіх Аляксандар Лукашэнка ня раз паўтараў, што на пасадах не павінна быць праціўнікаў дзейнай улады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ 15 чалавек у сьпісе тэрарыстаў. Хто яны? Хроніка перасьледу 9 чэрвеня