Генэральная пракуратура прымусіла тры IT-кампаніі заплаціць супрацоўнікам 3,8 млн рублёў

Генэральная пракуратура

Неназваныя тры IT-кампаніі «ўчынілі сур’ёзныя парушэньні працоўнага заканадаўства краіны», адзначылі ў пракуратуры.

Як паведамілі ў прэс-службе Генэральнай пракуратуры Беларусі, тры арганізацыі, «якія займаюцца кампутарным праграмаваньнем і стварэньнем рэклямы», дапусьцілі затрымку заработнай платы супрацоўнікам за студзень і люты 2025 году.

Паводле інфармацыі ведамства, агульная сума запазычанасьці склала 3 млн 800 тысяч рублёў, якую працадаўцы завінаваціліся 675 работнікам.

У выніку пракурор Першамайскага раёну вынес кіраўнікам кампаній абавязковыя прадпісаньні з патрабаваньнем неадкладна пагасіць усе даўгі па зарплаце.

Пракуратура адзначыла, што наглядныя меры падзейнічалі. Усе запазычанасьці перад супрацоўнікамі цалкам пагашаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія перамены чакаюць беларусаў з 1 чэрвеня


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тры гады колькасьць супрацоўнікаў у кампаніях Парку высокіх тэхналёгіяў скарацілася амаль на 30%