Галоўчанка расказаў пра ўстойлівасьць беларускага рубля і «іржавы друкавальны станок»

Раман Галоўчанка. Архіўнае фота

Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Раман Галоўчанка заявіў аб умацаваньні беларускага рубля.

«За апошнія гады зрабілі шмат для ўмацаваньня даверу да нацыянальнай валюты. Сьмела можна казаць, што беларускі рубель стаў устойлівай валютай», — сказаў Раман Галоўчанка ў інтэрвію дзяржаўнаму выданьню sb.by.

Паводле яго, Нацыянальны банк супольна з урадам пасьлядоўна «адвязваюць» падаткі, арэндную плату, тарыфы ад замежнай валюты і скарачаюць яе выкарыстаньне ўва ўнутраных разьліках.

«Грамадзяне стабільна прадаюць замежную валюту, аддаючы перавагу захаваньню сродкаў на рублёвых укладах у банках. У выніку, нягледзячы на ваганьні сусьветных валютаў, наш унутраны валютны рынак збалянсаваны. Напрыклад, за першыя пяць месяцаў 2025-га беларускі рубель умацаваўся да даляра ЗША на 13,7%, пры гэтым крыху аслабнуў да расейскага рубля — на 12,8%», — паведаміў старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі курс пачаў падаць, я спачатку перажывала». Распыталі беларусаў, як яны захоўваюць грошы пасьля падзеньня даляра

Раман Галоўчанка дадаў, што прырост шырокай грашовай масы ў траўні 2025 году склаў 16,2% за год, і гэта «памяркоўны паказьнік».

«Што да трапнай заўвагі прэзыдэнта пра „іржавы друкавальны станок“ — гэта сапраўды адлюстроўвае наш падыход. Мы не зьвяртаемся да бяздумнай эмісіі грошай для закрыцьця бягучых патрэбаў і строга кантралюем аб’ём грашовай масы ў эканоміцы, каб ён адпавядаў рэальным патрабаваньням і не правакаваў рост цэнаў», — адзначыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нікому нічога не кажучы, мы, вядома, грошы паддрукоўвалі». Лукашэнка расказаў, як запускаў друкарскі станок
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тых, хто хацеў узяць крэдыт у валюце і пад заклад маёмасьці, неўзабаве чакае сюрпрыз