«Я скажу шчыра, што, абяртаючыся [...] у гэтым асяродзьдзі, казаць, што яны сапраўды нейкія людзі, якія ўвогуле ня могуць ацаніць перавагі радзімы, напэўна, гэта было б няправільна. Таму тут, напэўна, гутарка будзе ісьці пра тое, наколькі гэтыя людзі гатовыя, па-першае, працаваць паводле тых правілаў і ўказаньняў, якія дае наша краіна, і наколькі мы з свайго боку прапануем рэжым, умовы, якія максымальна дазваляюць ім задаволіць свае амбіцыі. Таму тут такі двухбаковы рух», — сказала ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1» Ганна Рабава, якую 29 траўня прызначылі на пасаду начальніцы сакратарыяту назіральнай рады Парку высокіх тэхналёгіяў.
Яна ня думае, што «ёсьць нейкія забароны, калі няма нейкіх наўпрост жорсткіх абмежаваньняў для вяртаньня».
«Ува ўсіх іншых выпадках, вядома, у нас краіна заўсёды, гэта брэнд быў нашай краіны, што мы чакаем, вітаем, падтрымліваем тых людзей, якія жадаюць на нашай тэрыторыі разьвівацца, прыносіць нам карысьць», — сказала Ганна Рабава.
Новая кіраўніца ПВТ паведаміла, што пасьля выезду шэрагу ІТ-кампаніяў зь Беларусі іх замянілі ўжо беларускія кампаніі і спэцыялісты. Паводле яе, цяпер у ПВТ 1026 рэзыдэнтаў, а экспартная выручка захоўваецца на ўзроўні 2 мільярдаў даляраў.
Ганна Рабава адзначыла, што цяпер крыптакампаніі «вырысоўваюцца» як асобны трэнд у ПВТ. «Вядома, цікавы сэгмэнт, які ўжо займаецца ня чыстым праграмным забесьпячэньнем, а ўбудаваным у праграмна-апаратныя комплексы, то бок нейкае абсталяваньне інавацыйнае, скажам так, прыладу больш поўнага жыцьцёвага цыклю. Безумоўна, новыя адукацыйныя тэхналёгіі — усё гэта трэнды», — сказала Ганна Рабава.
Апошнім часам дзяржаўная прапаганда Беларусі ўсё часьцей выкарыстоўвае факты вяртаньня ІТ-спэцыялістаў, каб пераканаць грамадзян, як кепска жыць у замежжы. У той жа час, паводле зьвестак праваабаронцаў, каля сотні беларускіх ІТ-спэцыялістаў засуджаныя ў крымінальных справах. Тэрміны розныя — ад пары гадоў папраўчых работ за нібыта хуліганства і ўдзел у пратэстах да 10–12 гадоў за ахвяраваньні і падтрымку «экстрэмісцкай дзейнасьці».
Форум