Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 50 эўра за 180 км дарогі. Чаму растуць цэны на аўтобусныя квіткі зь Менску ў Вільню


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цэны на квіткі паміж Менскам і бліжэйшымі эўрапейскімі сталіцамі ў разьліку за кілямэтар сталі аднымі з найбольш высокіх ува ўсёй Эўропе і працягваюць расьці. Высьвятлялі, чаму так адбываецца.

На чэрвень 2025 году аўтобусы застаюцца адзіным відам грамадзкага транспарту, якім можна дабрацца зь Менску ў сталіцы бліжэйшых краінаў Эўразьвязу — у Вільню, Рыгу і Варшаву. Зь Беларусі ў Польшчу, Літву і Латвію па-ранейшаму ня ходзяць цягнікі і ня лётаюць самалёты. Моцна абмежаваны таксама рух церазь мяжу на асабістых аўтамабілях. Цэны аўтобусных квіткоў пры ўсім гэтым дасягнулі рэкордных велічыняў і надалей растуць.

45 эўра за 50 кілямэтраў

У чэрвені 2025 году цэны аўтобусных квіткоў на паездку зь Менску да Вільні ў адзін бок складаюць каля 180 рублёў. Іх можна бачыць пад спасылкай, якая вядзе з афіцыйнага сайту «Менсктрансу». Квіткі ў літоўскіх перавозьнікаў яшчэ даражэйшыя — ад 60 эўра (цэны параўноўвалі для суботы 14 чэрвеня, яны могуць нязначна вагацца залежна ад дня тыдня. — РС). Нягледзячы на дарагоўлю, купіць квіток у бліжэйшую да Беларусі сталіцу краіны Эўразьвязу ня так проста. З надыходам сэзону адпачынкаў квіткі ў продажы ёсьць не заўсёды і набываць іх варта загадзя.

Цэнтральны аўтавакзал Менску, ілюстарцыйнае фота
Цэнтральны аўтавакзал Менску, ілюстарцыйнае фота

Акрамя як зь Менску, да Вільні зараз можна даехаць аўтобусам і зь іншых беларускіх гарадоў. Аўтобусы ў літоўскую сталіцу ходзяць з Гомля, Магілёва, Барысава, Баранавічаў, Горадні. Амаль усе яны (акрамя горадзенскага маршруту, які ідзе празь Беняконі) перасякаюць беларуска-літоўскую мяжу ў пункце пропуску «Каменны Лог», некаторыя да таго спыняюцца ў Ашмянах. Адлегласьць да Вільні ад гэтага беларускага гораду каля 50 кілямэтраў, даехаць адсюль да літоўскай сталіцы на аўтобусе зараз каштуе каля 150 рублёў (45 эўра). Падобна, гэта адно з найдаражэйшых перасячэньняў мяжы на кантынэнце на гэты момант. Цэны на квіткі (і аўтобусныя, і чыгуначныя) паміж гэтаксама блізка разьмешчанымі Браціславай і Венай складаюць каля 7 эўра.

Для параўнаньня — даехаць зь Менску ў Маскву на аўтобусе зараз можна прыкладна за 150 рублёў. Калі паклапаціцца пра куплю квітка загадзя, то і за 120.

«А што рабіць?»

Нягледзячы на высокія цэны і спробы літоўскага боку скараціць колькасьць аўтобусных маршрутаў паміж Менскам і Вільняй, за дзень зь беларускай сталіцы ў літоўскую ў сярэднім адпраўляецца каля 20 аўтобусаў. Гэта толькі тыя, што афіцыйна спыняюцца на цэнтральным аўтавакзале Менску і накіроўваюцца на віленскі аўтавакзал. Існуюць і больш экзатычныя варыянты, накшталт аўтобуса «Воранава — Трокі», які таксама заяжджае ў Вільню і высаджвае пасажыраў на прыпынку ля чыгуначнага вакзалу.

«А што рабіць, плацім, — расказвае на ўмовах ананімнасьці ў размове з Свабодай жыхар Менску Ўладзімер, які раз на некалькі месяцаў езьдзіць у Вільню. — Рэч тут нават ня ў цэнах, яшчэ больш абурае чаканьне на мяжы. Я ня ведаю, хто тут вінаваты больш — беларускія памежнікі ці літоўскія. Але часам ты проста гадзінамі стаіш і не разумееш, чаму».

Інфармацыйнае табло на віленскім аўтавакзале, ілюстрацыйнае фота
Інфармацыйнае табло на віленскім аўтавакзале, ілюстрацыйнае фота

На беларускіх і літоўскіх сайтах, якія гандлююць аўтобуснымі квіткамі на маршруты паміж сталіцамі, час падарожжа пазначаны ў межах ад 4 да 5 гадзін. За столькі часу з улікам памежнага і мытнага кантролю, паводле перавозьнікаў, можна пераадолець 180 кілямэтраў паміж сталіцамі Беларусі і Літвы. На практыцы гэты час трэба памнажаць амаль удвая. На «Каменным Лагу» залежна ад загружанасьці пераходу можна прастаяць і 3, і 5 гадзін.

«Апошні раз мы стаялі там недзе чатыры гадзіны, была чарга з аўтобусаў, — расказвае мянчук, які дабіраўся зь Менску ў Вільню на пачатку чэрвеня. — Усе ўжо прывыклі, здаецца. Я падыходзіў да кіроўцы пагаварыць. Ён кажа, што празь вялікі попыт і гэтыя чэргі такія і цэны. Бо яму на адну паездку туды і назад у суме трэба ледзьве ня содні. Аўтобусы больш стаяць у чэргах, чым едуць. Перавозьнікам гэта нібыта нявыгадна (ніжэйшыя цэны на квіткі. — РС). Таму і растуць».

Такую ж вэрсію агучылі ў размове з Свабодай і прадстаўнікі аднаго зь перавозьнікаў. З словаў суразмоўцаў, высокія цэны будуць трымацца датуль, пакуль на мяжы будзе напружаная сытуацыя, якая абвастрылася пасьля закрыцьця часткі пунктаў пропуску і абмежаваньня магчымасьці праезду ў Літву на аўтамабілях зь беларускімі нумарамі. Яны таксама пацьвярджаюць, што 180–200 рублёў за паездку — зусім не мяжа.

+10% за год, +300% за пяць

І так высокія цэны на аўтобусныя квіткі паміж беларускай і літоўскай сталіцамі насамрэч растуць надалей. Год таму, у чэрвені 2024 году, яны ў сярэднім былі прыкладна на 10% меншыя — каля 150 рублёў і 45 эўра. Гэта перавышае памер гадавой інфляцыі ў Беларусі — каля 7% (у Літве ў межах 1%). Альтэрнатыву аўтобусным перавозкам маглі б скласьці чыгуначныя, аднак літоўскія ўлады вясной 2025 году чарговы раз адмовілі беларускаму боку ў аднаўленьні злучэньня, спаслаўшыся на палітычныя прычыны і мігранцкі крызіс на беларуска-літоўскай мяжы, які не спрыяе нармалізацыі адносінаў.

Цягнікі зь Менску ў Вільню не ходзяць з канца сакавіка 2020 году, ілюстрацыйнае фота
Цягнікі зь Менску ў Вільню не ходзяць з канца сакавіка 2020 году, ілюстрацыйнае фота

У сакавіку 2020 году, калі зь Менску ў Вільню адправіўся апошні на гэты момант пасажырскі цягнік, квіток на такое падарожжа каштаваў у сярэднім 16–18 эўра. Столькі ж трэба было аддаць і за падарожжа аўтобусам. Уся паездка, з памежным і мытным кантролем, тады займала каля 3–4 гадзінаў. За пяць гадоў цана падарожжа паміж Менскам і Вільняй вырасла ўтрая, да падзеяў 2020 году за 60 эўра зь Менску ў Вільню можна было дабрацца самалётам.

«Буду езьдзіць усё адно, — гаворыць Уладзімер. — Я зараз працую ў Польшчы, у мяне няма іншага выйсьця. Дарога празь Літву ў ЭЗ усё адно самая танная і кароткая. Калі ехаць празь Берасьце, то яшчэ даўжэй і даражэй. У Беларусі я не хачу працаваць за тыя грошы, што мне прапаноўваюць, у Расеі тым больш. Агулам думаю пра тое, каб перавезьці сям’ю. Тады больш ня трэба будзе езьдзіць».

Суразмоўца дадае, што амаль 60 эўра за 180 кілямэтраў шляху паміж Менскам і Вільняй — найдаражэйшая частка яго падарожжа. Да Варшавы зь літоўскай сталіцы можна дабрацца звычайна ўтрая таньней і прыкладна за такі ж самы час.

  • Суседзі Беларусі — Літва, Латвія, Польшча, Украіна — прыпынілі міжнародныя пасажырскія чыгуначныя зносіны зь Беларусьсю ў сакавіку 2020 году, з пачаткам пандэміі каранавірусу COVID-19, але і па заканчэньні пандэміі ня сталі аднаўляць перавозак. Так, напрыклад, польскі ўрад матываваў абмежаваньні тым, што Беларусь можа выкарыстоўваць чыгуначныя зносіны для міграцыйнага ціску на Польшчу.
  • 23 траўня 2021 году самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, быў вымушаны сесьці ў нацыянальным аэрапорце «Менск» пасьля таго, як пілёты атрымалі ад беларускага дыспэтчара паведамленьне пра бомбу на борце лайнэра. Пасьля пасадкі самалёта пасажыраў і экіпаж некалькі гадзінаў пратрымалі на тэрыторыі аэрапорту. Блогера Рамана Пратасевіча і грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу затрымалі і пазьней судзілі, усе іншыя змаглі даляцець у Вільню.
  • Пасьля гэтага інцыдэнту Эўразьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. Эўрапейскім авіякампаніям таксама забаранілі авіяперавозкі празь Беларусь.
  • У верасьні 2024 году акруговы суд Варшавы завочна арыштаваў трох грамадзян Беларусі ў справе аб захопе кантролю над самалётам Ryanair. Паводле ведамства, супрацоўнікі авіядыспэтчарскай службы перадалі ілжывую інфармацыю пра нібыта закладзенае на борце выбуховае прыстасаваньне, вымусіўшы экіпаж зрабіць аварыйную пасадку ў Менску. Паведамляецца, што гэта «спрычыніла непасрэдную пагрозу жыцьцю і здароўю многіх людзей, у тым ліку грамадзян Польшчы, і незаконнае пазбаўленьне волі экіпажу і пасажыраў самалёта».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG