Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве затрымалі дырэктара беларускай кампаніі «Авіяцыйная мануфактура»


Сьледчы ізалятар у Лефортаве
Сьледчы ізалятар у Лефортаве

Беларусу ўжо выставілі абвінавачваньне і адправілі пад варту.

Беларус Валер Зязюлін, дырэктар менскай кампаніі «Авіяцыйная мануфактура», 11 чэрвеня адпраўлены Лефортаўскім раённым судом Масквы пад варту. Яго затрымалі ў Маскве па абвінавачаньні ў «незаконным экспарце ўзбраеньняў».

На рашэньне суду зьвярнула ўвагу «Медиазона».

Падрабязнасьці справы невядомыя.

Цалкам частка 1 артыкулу 189 гучыць так: «Незаконны экспарт з Расейскай Фэдэрацыі або перадача замежнай асобе або яе прадстаўніку тавараў або тэхналёгій, узбраеньня або вайсковай тэхнікі, незаконнае выкананьне работаў для замежнай асобы або яе прадстаўніка або незаконнае аказаньне паслуг замежнай асобе або яе прадстаўніку, у дачыненьні да якіх заведама для вінаватага ўстаноўлены экспартны кантроль». За гэта пагражае ад 3 да 7 гадоў турэмнага зьняволеньня.

29 траўня Басманны суд арыштаваў Зязюліна на 13 сутак па адміністрацыйнай справе аб дробным хуліганстве. Згодна з пратаколам, ён мацюкаўся ў цэнтры Масквы.

Паводле інфармацыі выданьня, Зязюлін не прызнаў віны і заявіў, што «быў затрыманы супрацоўнікамі ФСБ па іншых абставінах і дастаўлены ў АУС Басманнага раёну».

ТАА «Авіяцыйная мануфактура» зарэгістраваная ў Менску ў 2015 годзе. Кампанія займаецца апрацоўкай мэталічных вырабаў з выкарыстаньнем асноўных тэхналягічных працэсаў машынабудаваньня. У Расеі Зязюлін кіраваў кампаніяй «Скайліфт», якая займалася паветраным транспартам. Яе зьліквідавалі ў 2018 годзе.

У Зязюліна таксама было ІП у Беларусі, зарэгістраванае ў Аршанскім раёне. Яго зьліквідавалі ў 2003 годзе.

У 2018 годзе Зязюліна судзілі ва Ўкраіне за парушэньне мытнага заканадаўства. Згодна з пастановай Навазаводзкага раённага суду Чарнігава, Зязюлін у студзені 2018 году ўвёз ва Ўкраіну зь Беларусі пяць рукавоў падачы кіслароду, што выкарыстоўваюцца ў авіяцыі. Яны зьяўляюцца таварамі двайнога прызначэньня. Суд аштрафаваў яго на 1700 грыўняў, рукавы сканфіскавалі. На судовым паседжаньні Зязюліна не было.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG