Пра гэта паведамляе Reuters.
У суботу сутыкненьні фэдэральных агентаў зь некалькімі сотнямі пратэстоўцаў адбыліся ў прадмесьці Парамаўнт на паўднёвы ўсход ад Лос-Анджэлесу, некаторыя ўдзельнікі дэманстрацыі несьлі сьцягі Мэксыкі. На кадрах зь месца падзеяў у Парамаўнце бачныя дзясяткі супрацоўнікаў Службы іміграцыі і мытнага кантролю (ICE) у зялёнай форме і адгазьніках на дарозе, заваленай перакуленымі вазкамі. Для разгону пратэстаў ужывалі сьлезацечны газ.
Другая акцыя, якая адбылася ў суботу ўвечары ў цэнтры горада, сабрала каля 60 чалавек, якія скандавалі: «ICE, прэч з Лос-Анджэлесу!».
Паліцыя Лос-Анджэлесу паведаміла ў сацыяльнай сетцы X, што «некалькі чалавек затрыманыя за адмову разысьціся пасьля шматразовых папярэджаньняў».
Першая хваля пратэстаў пачалася ў пятніцу ўвечары пасьля таго, як супрацоўнікі ICE правялі рэйды ў Лос-Анджэлесе і затрымалі больш як сорак чалавек на падазрэньне ў парушэньні іміграцыйнага заканадаўства.
Белы дом паведаміў, што Трамп падпісаў прэзыдэнцкі мэмарандум пра выпраўленьне ў Лос-Анджэлес падразьдзелаў Нацыянальнай гвардыі «для навядзеньня парадку і ліквідацыі беззаконьня, якому дазволілі ўкараніцца».
На сваёй плятформе Truth Social Трамп напісаў:
«Калі [губэрнатар Каліфорніі] Ньюсам і мэр Лос-Анджэлесу Карэн Бас ня могуць даць рады сваім абавязкам, фэдэральны ўрад умяшаецца і вырашыць праблему БЕСПАРАДКАЎ І МАРАДЭРСТВА — як гэта і павінна быць!!!»
Пазьней, у чарговым паведамленьні, Трамп падзякаваў Нацыянальнай гвардыі «за выдатную працу» ў спыненьні закалотаў і заявіў, што ўдзельнікам дэманстрацыяў надалей будзе забаронена насіць маскі.
Пратэсты выявілі жорсткае супрацьстаяньне паміж адміністрацыяй Трампа, якая вядзе зацятую барацьбу зь нелегальнай міграцыяй, і ўладамі Лос-Анджэлесу, дзе жыве шмат лацінаамэрыканцаў і выхадцаў з-за мяжы.
Губэрнатар Каліфорніі дэмакрат Гэвін Ньюсам назваў рашэньне накіраваць у Лос-Анджэлес 2000 байцоў Нацыянальнай гвардыі «наўмысна правакацыйным». У сацыяльнай сетцы X ён заявіў:
«Трамп накіроўвае нацыянальную гвардыю не празь недахоп паліцыі, а дзеля відовішча. Не паддавайцеся. Ніякага гвалту. Толькі мірны пратэст».
Ньюсам таксама назваў «псыхічным зрывам» выказваньні міністра абароны пра гатоўнасьць накіраваць на вуліцы Лос-Анджэлесу часткі рэгулярнага войска ЗША для дзеяньняў супраць уласных грамадзян.
Прэзыдэнт Трамп раней абяцаў правесьці маштабную дэпартацыю нелегальных імігрантаў і цалкам перакрыць паўднёвую мяжу ЗША. Паводле зьвестак Белага дому, ICE атрымала заданьне праводзіць ня менш за 3000 затрыманьняў штодзень.
Аднак крытыкі Трампа заяўляюць, што падчас рэйдаў затрымліваюць ня толькі нелегалаў, але і людзей з законным правам знаходзіцца ў ЗША, уключаючы ўладальнікаў дазволу на жыхарства. Гэтыя выпадкі ўжо сталі прадметам судовых разбораў.
Форум