Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч пакажуць 9 чэрвеня ва ўсіх кінатэатрах Helios у Польшчы


Мара Тамковіч
Мара Тамковіч

Поўнамэтражны дэбют беларускай рэжысэркі «Пад шэрым небам» будзе паказаны ў рамках цыклю Kino Konesera у сетцы польскіх кінатэатраў Helios. Адзіны паказ пачаўся ў панядзелак, 9 чэрвеня 2025 году ва ўсіх кінатэатрах Helios у Польшчы.

Фэстывальная і пракатная гісторыя карціны, натхнёнай гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, працягваецца. «Пад шэрым небам» у чэрвені будзе змагацца за «Залаты Бурштын» і грашовую ўзнагароду ў памеры 20 тысяч злотых у конкурсе поўнамэтражных дэбютных мастацкіх фільмаў 44-га Косьліньскага фэстывалю дэбютаў «Маладыя і фільм», піша Reform.

Камэрная драма Мары Тамковіч расказвае пра лёсы Лены, журналісткі, якую затрымлівае рэжым, і яе мужа Ільлі, што спрабуе змагацца за яе свабоду. У галоўных ролях — Аляксандра Вайцяховіч і Валянцін Навапольскі.

За гэты час стужка, якая ўжо мае фэстывальную гісторыю, атрымала станоўчыя водгукі крытыкі. У прыватнасьці, вось што пісала пра кіно польская крытыка.

«Вобраз сучаснай Беларусі, які стварае Мара Тамковіч, надзвычай выразны. Калярыт строга абмежаваны халоднымі адценьнямі шэрага; мастацкія сродкі зьведзеныя да мінімуму, а стрыманая форма толькі падкрэсьлівае драму, што разгортваецца ў жыцьці Лены і яе партнэра», — пісаў Каміль Кухарскі ў Filmawka.

«У адной сцэне Тамковіч выводзіць фільм за межы рэгіянальнага аповеду пра змаганьне з дыктатурай, робячы «Пад шэрым небам» больш унівэрсальнай гісторыяй. Ня толькі ў кантэксьце паказу таго, што ў сьвеце яшчэ ёсьць журналісты, якія змагаюцца за свабоду слова і нагадваюць, у чым сутнасьць гэтай прафэсіі, што занепадае на сытым і тлустым Захадзе», — адзначаў Лукаш Адамскі на Interia.pl.

Мара Тамковіч нарадзілася ў 1988 годзе ў Менску. З 2006-га жыве ў Варшаве. Вывучала журналістыку ў Варшаўскім унівэрсытэце, рэжысуру ў Варшаўскай кінашколе і школе Вайды.

Аўтарка фільмаў «Ураўненьне», «Дачка», «Fucking Story», «За дзьвярыма», «Трымайся, братка!», «37», «У жывым эфіры», а таксама яна была другім рэжысэрам у праекце «Белсату» «Працэсы».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG