Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчына, якая падчас пратэстаў 2020 году трапіла на вокладку «Камсамолкі», расказала пра пакуты за кратамі


Ракурс, які трапіў на першую старонку «Комсомольской правды в Беларуси»
Ракурс, які трапіў на першую старонку «Комсомольской правды в Беларуси»

На пратэстах у Менску ў 2020 годзе Веру Цьвікевіч сфатаграфаваў журналіст «Камсамольскай праўды» — здымак трапіў на вокладку. Усьмешлівая дзяўчына ў чырвонай сукенцы на фоне калючага дроту і сілавікоў у шлемах, бронекамізэльках і з аўтаматамі. Веру затрымалі ў 2022-м, асудзілі на год калёніі і ў дзень вызваленьня дэпартавалі зь Беларусі, не дазволіўшы разьвітацца з роднымі і забраць рэчы. Дзяўчына распавяла сваю гісторыю «Медиазоне». Прыводзім самыя яркія цытаты.

ГУБАЗіК

«У ГУБАЗіКу было страшнае. Я б не хацела пра гэта гаварыць. Можа, калі-небудзь я змагу ўсё гэта абдумаць і расказаць у дэталях. Пакаяльнае відэа зьнялі». «Гаварылі тэкст, а я за імі паўтарала»«

«У ГУБАЗіКу адзін з гэтых казаў — „Ды ладна, скажы ёй [бабулі], што ў Турэччыну на тыдзень паляцела. Цябе тут ня будуць доўга трымаць, хутка адпусьцяць“. Хоць толькі што пра чатыры гады казалі. Нібыта гулялі са мной».

Акрэсьціна

«Я да яго [прадстаўніка расейскага консульства] ішла брудная ўся, у нас не было магчымасьці памыцца. Ён распытваў, як мяне затрымалі, а я ў адказ скардзілася яму на ўмовы. Усё апавяла: і пра тое, як шмат народу ў камэрах, і пра тое, што мне не даюць мае пігулкі, пра тое, што мы нават ня можам спаць. Потым зазірнула ў ягоныя нататкі, а ён запісаў толькі тое, што ў нас няма пасьцельнай бялізны».

Калёнія

«Вельмі цяжкім быў карантын. Нас вучылі іхным правілам: запраўляць ложак як трэба, даваць рапарт. Кожны раз, калі нехта заходзіў, усе мусілі ўстаць, прадставіцца і назваць свае артыкулы. Мяне гэта вельмі прыгнятала, цяжка было стрымлівацца. Хацелася сказаць, што я пра іх насамрэч думаю, плюнуць у твар».

«Аднойчы я спазьнілася на пастраеньне, якое было спэцыяльна для палітычных. Я была ў краме і ня ведала, што з гэтым там усё так строга. Старшыня атраду тады крычала, што празь мяне яе ня выпусьцяць датэрмінова, і яна мне цяпер жыцьця ня дасьць».

«Я проста не магла нармальна спаць, бо па некалькі разоў за ноч прачыналася ад холаду».

«Дагэтуль памятаю момант — мяне толькі перавялі ў атрад. Заходжу, стаю разгубленая, нічога не разумею. І тут мяне кліча нейкая дзяўчына. Усьміхаецца. Сьветлая такая, кліча мяне, кажа: я таксама палітзьняволеная, ты можаш з намі размаўляць, прасіць дапамогі, калі трэба. Я дасюль узгадваю гэтую ўсьмешку і тое, як жа яна мяне выратавала».

Па вызваленьні

«Калі мы ўжо выехалі ў Расею, я выйшла з машыны ў лес, крычала і плакала, у мяне была гістэрыка. У выніку ўсё гэта вылілася ў дэпрэсію».

«Мне зь імі [бацькамі] было вельмі псыхалягічна цяжка. Яны былі ўпэўненыя, што ў Беларусі ўсё добра, а я сядзела ня проста так, а сапраўды нешта зрабіла».

Нядаўна Вера Цьвікевіч эмігравала ў Армэнію.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG