Кніга выйшла сёлета ў выдавецтве «Янушкевіч».
Аўтара, што названы на вокладцы Макарам, я пабачыў на прэзэнтацыі ў Вільні. На маё пытаньне пра назву кнігі ён з гатовасьцю казаў пра розныя сэнсы, у якіх ягонае пакаленьне можа стаць апошнім: пра зьмену клімату, усясьветную вайну, страту беларушчыны…
«Гаспадары краіны, навошта вы мне, навошта я вам»?
Рэч у тым, што ў справах беларушчыны і беларускай літаратуры заўсёды думалася менавіта пакаленьнямі — заўсёды прыходзіла наступнае і ўжо ў гэтым быў пазытыўны сэнс. Мы сябе называлі пакаленьнем «тутэйшых» (1980-я), перад намі былі нашы нібыта бацькі — «філялягічнае пакаленьне» (Караткевіч, Адамчык, Мальдзіс), перад імі — расстралянае перадваеннае пакаленьне, яшчэ далей — нашаніўцы… І так — у глыбіню гісторыі. Пасьля нас, напэўна, былі бумбамлітаўцы (1990-я), хто пасьля іх — ім яшчэ трэба будзе даць назву. А тут раптам — апошняе пакаленьне.
Усе папярэднія былі адкрытыя ў будучыню, гэта быў і сум, але і бунт. Наперадзе заўсёды было сьветла:
«Гаспадары краіны, навошта вы мне, навошта я вам?»
Інтанацыі «Ўліса» дакладна перадаюць гэты настрой. Але сёньня так ня скажаш, колькі б у цябе не было ўнутранай свабоды. Краіна, вядома, была (і ў большай ступені ёсьць) у кратах, але ж гадоў 40 таму кроў кіпела, каб сказаць гэтыя словы — «навошта вы мне»? Магчыма, штучны інтэлект ня мае такой здольнасьці — сьвяціцца надзеяй.
Кніга апавядае пра купку (літаральна пяць-дзесяць) «аднолькавых», нічым не адметных менскіх рэклямістаў у замкнёнай прасторы, нібы ў батыскафе, чаго для развагаў пра пакаленьне, падаецца мне, недастаткова.
Кніжка напісаная па-беларуску, і праз паўсотні старонак я пачынаю разумець, што гэта ці не адзінае, за што варта трымацца, бо ўсё астатняе, як пішуць у водгуках, — «нічога асаблівага». Аўтар гаворыць па-беларуску, а ўсе вакол — рускамоўныя, іх словы па-беларуску пададзеныя курсівам. Гэта канстанта. Больш пэрсанажаў нічога істотнага не адрозьнівае адзін ад аднаго. Змазаныя пачуцьці, трывіяльныя думкі і словы — не адметныя. Вобразаў няма, яны не выбудоўваюцца, быццам сапраўды гэта пісаў штучны інтэлект. Затое ўсё чысьценька, гладзенька, структурненька — амаль матэматыка, а не літаратура.
«Цёмная вуліца. Наперадзе чорная калёна. Вакол — нейкі парк. Калі верыць карце, гэта адзін з найбуйнейшых паркаў Бэрліну. Ліхтары гараць праз адзін, і здаецца, што зараз павінен зьявіцца сылюэт чалавека, які падыдзе і запатрабуе аддаць усё, што маю. Але ніхто не падыходзіць. На вуліцы пуста, як у амэрыканскіх фільмах пра апакаліпсіс».
Словам, штосьці без працягу і разьвіцьця. Нічога ўвогуле не адбываецца. Нічога асаблівага, што зьвярнула б на сябе ўвагу. Аўтар (ён жа — лірычны герой) у гэтым рэклямным агенцтве працуе крэатарам, але не крэатывіць. І ўсе ягоныя калегі — сашы-наташы — аднолькавыя, як робаты. А той, хто прыходзіць і «пра нешта» зь імі размаўляе, увогуле «нейкі кліент» — так ён і называецца. Характараў у прынцыпе няма, ніхто і нічым ня хоча зьвярнуць на сябе ўвагу чытача.
«Цела пачынае награвацца» — ад хады. Мэханічная характарыстыка, важная для робата, бо ні з чым іншым у апавяданьні не зьвязаная. І ўвогуле тут шмат не зьвязанай і таму неабавязковай інфармацыі. Цалкам бракуе кантэксту. Не скажу, што ўсё гэта абавязкова мусіць быць, але і ККД прыцягненьня ўвагі чытача без усяго гэтага мінімальны.
Як пісаць водгук?
Альгерд Бахарэвіч нядаўна на сустрэчы ў Вільні казаў, што ў адмоўных рэцэнзіях няма сэнсу. Вунь, паглядзіце, маўляў, як пішуць немцы. Кажуць пра станоўчыя бакі, знаходзяць кантэкст для твора ў літаратуры і ў творчасьці самога аўтара, тлумачаць незразумелае… А калі гэта — абы-што, дык проста не зьвяртаюць на такое ўвагі.
Напэўна, так і ёсьць. Але ў немцаў ёсьць літаратурная крытыка, якая выконвае сваю ролю ў зьвязку з кніжным рынкам, а ў нас гэтага рынку няма. Таму ў нас наша крытыка толькі шукае самую сябе і сваё месца ў сытуацыі паўставаньня кніжнага рынку.
«Па чарзе мы ўсе прамаўляем нейкія фразы, — піша Макар, — якія маглі б прывесьці да добрай размовы, але гэта магло б здарыцца толькі калі б мы былі сябрамі з шматгадовай гісторыяй»…
Калі пачынаць чытаць?
Кожны разьдзел стартуе паўстаронкай успамінаў з маленства. Гэта вельмі фармальныя ўступы. Гэта нават толькі імітацыя ўспамінаў, бо ні пра што такое ўспаміннае (перадача адчуваньняў) гаворкі няма. Я зноў адчуваю, быццам гэтыя тэксты напісаў штучны інтэлект. Можа быць, таму і пакаленьне апошняе, якое ўжо сыходзіць у стандарты ўнівэрсальных формулаў і страчвае ўнікальнасьць. Далей ува ўсіх будзе ўсё больш-менш аднолькавае, маю на ўвазе думаньне.
«Ты пачынаеш распытваць бабулю пра яе дзяцінства, пра вёску і дом, пра яе сяброў, зь якімі яна хадзіла на балоты ў журавіны. Асабліва табе падабаюцца гісторыі пра школу, у якую трэба было хадзіць празь лес».
Але ніякіх гісторыяў ня будзе, ніякай дэталі ці сюжэту. Калі бабуля хадзіла ў школу, штучнага інтэлекту яшчэ не было)).
«Заўважаю, што мой голас пачынае дрыжаць празь нязвыклую для яго танальнасьць»… Гэта не пра сьпевы, а пра казаньне чагосьці малазначнага. Як па мне, і гэта чыста штучная самарэфлексія ў выкананьні штучнага інтэлекту.
Дзесьці бліжэй да сярэдзіны паўнамёкам праскокваюць згадкі пра вулічныя акцыі і маршы 2020-га. Гэта ўсё, што нам пакуль трэба ведаць пра галоўнае, дзеля чаго я і чытаю гэтую кніжку. Хоць і дарэчная канкрэтыка пачынае зьяўляцца таксама, напрыклад, пра мікрараён на колішнім аэрадроме, які аўтар называе Малінаўка-9. Дзесьці тут і бярэ пачатак тое, пра што аўтар хацеў нам расказаць. З паловы кнігі.
За што чапляецца вока?
Істотная псыхалягічная зьява, знаёмая шмат каму — гэта калі ты, беларускамоўны, мусіш пераходзіць на расейскую:
«Калі я толькі пачаў працаваць у агенцтве, то лічыў, што ідэя пісаць канцэпты і размаўляць з замоўцамі па-беларуску — гэта крута, бо так мы будзем вылучацца, нас будуць запамінаць і, як мінімум, памятаць, бо, здаецца, за мову балюча ўсім. Літаральна праз пару тыдняў я зразумеў, што гэта ўсё пустое і што ўсе мае ўнутраныя аргумэнты і спадзяваньні — мае фантазіі. Мяне часта не разумелі, кліентам прыходзілася перакладаць прэзэнтацыі праз гуглтранслэйт. Гэтак я перайшоў на рускую ў стасунках з кліентамі».
Канец сюжэту. Аўтар быццам ня надта і заглыбляецца ў моўную тэму, але застаецца прынцыпова беларускамоўным, што ў іншым месцы тлумачыць адным вычарпальным сказам: «Заўсёды было пытаньне, чаму я беларус, а размаўляю па-руску». Беларускамоўнасьць — гэта ягоны асабісты адказ на пытаньне.
Яшчэ ў іншым месцы, пазьней, мы даведаемся, што беларушчыне аўтара калісьці вучыў ягоны бацька. Калісьці той бацька быў малады, сьцягі вывешваў, а цяпер ён кагэбіст і на беларускую мову сына кажа «не разумею», а таксама фактычна выганяе сына зь Беларусі. Інакш як здрадай гэта не назавеш. І мне ўжо здаецца, што гэтая пункцірам пададзеная разам на пару старонак тэма па сутнасьці цалкам вычарпаная.
Магчыма, бацька-кагэбіст і ўвасабляе апошняе беларускае пакаленьне. І ў структураванасьці тэксту зьяўляецца свая стылістычная новасьць. Прынамсі ўсё, што ёсьць, тут — дакладна на сваіх месцах.
Недзе пасьля 140-й старонкі ў аўтара быццам сканчаецца запас ягоных банальнасьцяў і ён пачынае намацваць спэцыфічныя дэталі. Напрыклад, пра тое, што ніколі не глытае кавуновыя косткі, чорныя найперш, а белыя можа і праглынуць. І гэта ўжо нешта для вымаляваньня вобразу, а тут яшчэ і «масонская піраміда» — нядрэмнае вока на гербе Браслава… Аўтар выяўляецца назіральным: «Я часта думаю пра тое, што наш слых паляпшаецца, калі заплюшчыць вочы…»
З гледзішча структуры ўсё зроблена вельмі добра. Памалу раскручваецца экшн. Уласна калізія, дзеля якой пісаўся гэты твор, пададзеная дакладна і драматычна, але настолькі пункцірна, што кожнае слова пра яе выглядала б спойлерам.
У выніку, на мой погляд, гэта кніга не пра «апошняе пакаленьне». Назва — усяго толькі «прароцтва» — глябальнае і фатальнае. Кніга і не пра людзей «з кардынальна рознымі поглядамі на жыцьцё», як сказана ў анатацыі. Я прачытаў яе як твор пра ізаляваную ад грамадзтва (а цяпер такія ўсе) групку рэклямістаў, аднолькавых і павязаных сваім малаістотным існаваньнем, якія патанулі ў сваім батыскафе, ня выклікаўшы ніякага асаблівага рэзанансу.
Прыблізна так, як героі п’есы Жана Поля Сартра «Пры зачыненых дзьвярах», якія апынуліся ў цалкам сабе камфортным пекле і з часам зразумелі, што ўласна пекла — гэта яны самі адны для адных і гэта іх ужо не адпусьціць ніколі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум