Аляксандар Лукашэнка заявіў аб зьніжэньні аб’ёмаў гандлю з Калінінградзкай вобласьцю праз «праблемы зь лягістыкай».
Як адзначаецца на яго сайце, на сустрэчы з губэрнатарам Калінінградзкай вобласьці Аляксеем Бяспрозванных, цяпер пастаўкі зь Беларусі ідуць «доўгім шляхам» — спачатку на поўнач, а потым на паўднёвы захад (раней яны ішлі празь Літву. — РС).
«Але гэта не апраўданьне, што мы троху зваліліся ў апошні час», — сказаў Лукашэнка, як паведамляецца на ягоным сайце.
Паводле яго, раней беларуская сельская гаспадарка арыентавалася ў тым ліку і на Калінінградзкую вобласьць.
«Будзьце ўпэўненыя, што, нягледзячы на пэўныя праблемы зь лягістыкай, мы патрэбную колькасьць паставім прадуктаў харчаваньня. Усялякіх. У тым ліку і бульбы няшчаснай. Мне ўжо сёньня ўрад далажыў, што сьвежая маладая бульба беларуская ўжо на прылаўкі пайшла», — сказаў Лукашэнка.
У траўні ў крамах Беларусі з прылаўкаў зьнікла якасная бульба, а таксама ўзьніклі праблемы з забясьпечанасьцю цыбуляй і капустай. Паводле экспэртаў, гэта стала вынікам рэгуляваньня цэнаў, уведзенага ў кастрычніку 2022 году пастановай ураду № 713.
«У Расеі цэны пачалі расьці больш высокімі цэнамі, і розьніца паміж цэнамі ў Расеі і Беларусі істотна павялічылася. Гэта стварыла стымул для вытворцаў пастаўляць свае прадукты ў Расею. Да таго ж вытворцы ўжо чакаюць, што ў такой сытуацыі цэны ў Беларусі павінны падвысіць, і таму, натуральна, прытрымліваюць свой тавар, каб заўтра атрымаць за яго больш», — пракамэнтаваў Свабодзе старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук.
У Міністэрстве сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі запэўнівалі, што забясьпечылі пастаўкі неабходных аб’ёмаў бульбы ў гандлёвыя сеткі, а яе недахоп на прылаўках зьвязаны з ростам попыту.
- Апошнім часам з крамаў Беларусі зьнікла бульба й іншая гародніна мясцовай вытворчасьці, а калі яна ёсьць, то дробная і невысокай якасьці.
- Урад ухваліў захады для паляпшэньня сытуацыі, якая ўзьнікла праз дыспарытэт цэн, калі беларускім вытворцам стала выгадней пастаўляць сваю бульбу на замежныя рынкі.
- З 17 красавіка набыла моц пастанова Савету міністраў, якая ўносіць карэктывы ў сыстэму рэгуляваньня цэнаў. Згодна з дакумэнтам, лімітаваная максымальная адпускная цана на бульбу пабольшала з 76 капеек да 1 рубля.
- Для падтрымкі беларускіх вытворцаў павялічылі гранічныя максымальныя адпускныя і раздробныя (гуртовыя) цэны на бульбу, капусту белакачановую і цыбулю, якія будуць дзейнічаць да 15 траўня 2025 году.
- Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня і аблвыканкамы заявілі, што маюць дастаткова бульбы для ўнутранага рынку.
Форум