Колішняя старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла, што працягвае актыўную грамадзкую дзейнасьць.
«Мяне вельмі шмат грамадзкіх спраў. Асабліва ў гэты год, зьвязаны з выбарамі прэзыдэнта. Было шмат сустрэч з рознымі працоўнымі і студэнцкімі калектывамі. Плюс у мяне шмат праектаў у беларускім саюзе жанчын. Да мяне па-ранейшаму прыходзяць мае калегі. Таму ў мяне вельмі актыўнае жыцьцё. Я яго не заўважаю», — сказала Лідзія Ярмошына ў праграме «100 пытаньняў даросламу» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1».
На пытаньне, ці сумуе яна па працы, экс-кіраўніца ЦВК адказала:
«Не, не сумую. Калі становіцца вельмі напружана, у чалавека надыходзіць такі момант, які называецца прафэсійным выгараньнем. Пасьля 2020 году яно ў мяне адбылося. Хоць мяне цікавяць і выбары, і ўсё зь імі зьвязанае. Сачу за гэтымі працэсамі ўважліва».
У адказ на пытаньне пра бацькоў Лідзія Ярмошына паведаміла, што яе бацька быў удзельнікам Другой усясьветнай вайны, меў шмат узнагарод.
«Ён, дарэчы, быў удзельнікам першай СВА (спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй цяпер у Расеі называюць вайну з Украінай. — РС). Так-так, мой бацька ў 1945-1946 гадах выбіваў банды бандэраўцаў з валынскіх лясоў. Там і пазнаёміліся мае бацькі», — расказала яна.
Маці Ярмошынай была расейкай паводле нацыянальнасьці, а бацька — этнічны ўкраінец. «Так што я напалову расейка, напалову — украінка», — адзначыла яна.
Што яшчэ можна было даведацца з адказаў Лідзіі Ярмошынай
- бацька казак, выхоўваў у строгасьці, «у дзяцінстве я шмат крыўдзілася на гэта, мне здавалася, што мяне мала любілі»
- я марыла быць знакамітай, быць акторкай. Жаданьні збываюцца – я стала не знакамітай, але вядомай, і стала гэтага саромецца
- марыла быць журналісткай, але не прынялі ў БДУ, бо не было друкаваных прац. Але не шкадую, бо, хутчэй за ўсё, працавала б у раёнцы, пісала «весткі з палёў»
- скончыла Ўнівэрсытэт з чырвоным дыплёмам
- самыя галоўныя памылкі – няўдалыя шлюбы
- ні пра што не шкадую, ні ў чым не апраўдваюся. Лукашэнка навучыў мяне: «Ніколі не апраўдвайся. Палічаць, што слабасьць»
- я не найлепшы юрыст у Беларусі: я апынулася ў патрэбны час у патрэбным месцы
- жанчына можа стаць прэзыдэнтам, але не тады, калі вайна
- выбары – гэта вельмі весела. Бо гэта заўсёды цікавыя неардынарныя людзі. Бывае, што і неадэкватныя. І таму такая неадэкватнасьць, экстравагантнасьць запамінаецца лепш за ўсё
- аднойчы мяне спрабавалі падкупіць. Адзін з апазыцыйных палітыкаў за мяжой у 2001 годзе нібыта жартам задаў мне пытаньне: «Дзядзя Сэм цікавіцца, колькі вы каштуеце?». Я адказала словамі Тацяны Ларынай: «Я другому отдана и буду век ему верна»
- «выбары фальсыфікуюцца» – гэта самы асноўны міт
- штучны інтэлект – гэта вельмі небясьпечна, бо ён можа замяніць любога кандыдата, ён у палітыцы, выбарах павінен быць строга забаронены.
Лідзія Ярмошына – юрыстка, 25 гадоў узначальвала ЦВК, 5 разоў кіравала прэзыдэнцкімі выбарамі, двойчы – рэспубліканскімі рэфэрэндумамі, арганізоўвала выбары ў парлямэнт і мясцовыя саветы, як сама кажа «незьлічоную колькасьць разоў». Ніводныя прэзыдэнцкіхя выбары і рэфэрэндумы, праведзеныя пад яе кіраўніцтвам, не былі прызнаныя дэвакратычным сьветам свабоднымі і справядлівымі. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі адбыліся самыя буйныя пратэсты ў гісторыі. Сотні тысяч людзей пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў. Дзясяткі тысяч пасьля гэтага сталі ахвярамі рэпрэсіяў.
Форум