«Акцыі і мітынгі ў якім-хаця горадзе якой-хаця краіны неабходныя, бо гэта робіць беларусаў бачнымі. Адна рэч, калі мы сустракаемся з палітыкамі, нешта абмяркоўваем у палітычных колах, і можа скласьціся ўражаньне, што гэта трэба толькі палітыкам, а людзі не выходзяць, не выстаўляюць ніякіх патрабаваньняў. І калі ўрад, парлямэнт бачаць, што людзі на вуліцах ладзяць мітынгі, патрабуюць вызваленьня палітвязьняў, пакараньня рэжыму — значыць, людзям гэта таксама трэба. Гэта бачнасьць беларусаў на зямлі», — патлумачыла Сьвятлана Ціханоўская.
Яна падзякавала дыяспарам, якія арганізоўваюць такія акцыі «нягледзячы на стому», на страх, на думкі, што «гэта нічога не мяняе», і заклікала праводзіць такіх акцыяў больш.
Беларусы за мяжой усё часьцей арганізоўваюць акцыі падтрымкі і салідарнасьці ў выглядзе спартовых і культурных падзеяў. На мінулым тыдні актывісты грамадзянскай супольнасьці ў Вільні згулялі футбольны матч з дэпутатамі літоўскага Сейму ў падтрымку палітзьняволеных журналістаў, правёўшы перад пачаткам матчу акцыю салідарнасьці.
«Вызваленьне ўсіх палітвязьняў — нашая галоўная мэта. І нават такія, на першы погляд, простыя крокі, як футбольны матч, — гэта не пра спорт. Гэта пра салідарнасьць, пра еднасьць і пра супольную пазыцыю», — пракамэнтавала гэтую акцыю Ціханоўская.
- 14 чэрвеня БАЖ плянуе Віленскі роварны прабег салідарнасьці «Едзем за сваіх» у падтрымку амаль 40 беларускіх журналістаў за кратамі.
- У Кіеве 12 чэрвеня адкрыецца выстава «Гісторыя беларускага супраціву». «Гэта ня проста выстава — гэта гісторыя амаль 30 гадоў змаганьня беларусаў супраць дыктатуры і спробаў далучыць Беларусь да Расеі», — кажуць арганізатары.
- У Даўгаўпілсе 15 чэрвеня з ініцыятывы Асацыяцыі беларусаў Латвіі адкрыюць выставу малюнкаў беларускіх палітвязьняў і пакажуць спэктакль, прысьвечаны загінуламу палітвязьню Валянціну Штэрмеру.
Форум