«За апошнія гады зрабілі шмат для ўмацаваньня даверу да нацыянальнай валюты. Сьмела можна казаць, што беларускі рубель стаў устойлівай валютай», — сказаў Раман Галоўчанка ў інтэрвію дзяржаўнаму выданьню sb.by.
Паводле яго, Нацыянальны банк супольна з урадам пасьлядоўна «адвязваюць» падаткі, арэндную плату, тарыфы ад замежнай валюты і скарачаюць яе выкарыстаньне ўва ўнутраных разьліках.
«Грамадзяне стабільна прадаюць замежную валюту, аддаючы перавагу захаваньню сродкаў на рублёвых укладах у банках. У выніку, нягледзячы на ваганьні сусьветных валютаў, наш унутраны валютны рынак збалянсаваны. Напрыклад, за першыя пяць месяцаў 2025-га беларускі рубель умацаваўся да даляра ЗША на 13,7%, пры гэтым крыху аслабнуў да расейскага рубля — на 12,8%», — паведаміў старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі.
Раман Галоўчанка дадаў, што прырост шырокай грашовай масы ў траўні 2025 году склаў 16,2% за год, і гэта «памяркоўны паказьнік».
«Што да трапнай заўвагі прэзыдэнта пра „іржавы друкавальны станок“ — гэта сапраўды адлюстроўвае наш падыход. Мы не зьвяртаемся да бяздумнай эмісіі грошай для закрыцьця бягучых патрэбаў і строга кантралюем аб’ём грашовай масы ў эканоміцы, каб ён адпавядаў рэальным патрабаваньням і не правакаваў рост цэнаў», — адзначыў ён.
Форум