Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 гадоў без камэнтароў і лайкаў. Як і чаму ў Беларусі за адзін месяц 2020 году арыштавалі большасьць вядомых блогераў


Судовы працэс па справе Сяргея Ціханоўскага, Уладзімера Цыгановіча, Ігара Лосіка і іншых. Архіўнае фота
Судовы працэс па справе Сяргея Ціханоўскага, Уладзімера Цыгановіча, Ігара Лосіка і іншых. Архіўнае фота

Летам 2020 году самыя папулярныя незалежныя блогеры, у якіх былі сотні тысяч праглядаў і народнае прызнаньне, яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў трапілі за краты. Амаль усе яны дагэтуль там.

Роўна пяць гадоў таму менш чым за месяц — з 29 траўня па 25 чэрвеня 2020 году — у Беларусі затрымалі дзясятак папулярных блогераў. Арышты блогераў ішлі і пасьля выбараў. Бальшыні іх прысудзілі вялікія тэрміны зьняволеньня: ад 13 да 18 гадоў. Выйсьці на волю пашанцавала лічаным адзінкам: Аляксандру Кабанаву, Сяргею Пятрухіну, Вадзіму Ермашуку, якія цалкам адбылі па 3 гады калёніі. А таксама Вользе Такарчук — яна адседзела 1,5 году. Узгадваем падзеі тых часоў разам з мэдыяэкспэртам і адным з арыштаваных.

Закрыць рот

«Народнага рэпартэра» Аляксандра Кабанава затрымалі 15 чэрвеня 2020 году. Яго ж асудзілі ў ліку першых — 14 красавіка 2021 году на 3 гады калёніі. Кабанаў цалкам адбыў тэрмін, пасьля вызваленьня зьехаў за мяжу. На яго думку, у канцы 2010-х гадоў улада крыху расслабілася, палічыўшы, што інфармацыйная прастора краіны знаходзіцца пад кантролем. І спачатку не заўважыла, што зьявіліся палітычныя блогеры, не адразу зразумела маштаб праблемы.

«Некалі былы міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч казаў: „Блогеры — гэта хто такія? Гэта не прафэсія“. То бок спачатку ўлада праігнаравала важнасьць блогераў. А калі стала разумець гэта, ня ведала, што зь імі рабіць. Бо блогеры — гэта мабільнасьць, давер людзей, абмеркаваньне любых вострых тэмаў: і сацыяльных, і палітычных, і экалягічных, і эканамічных.

І ў 2020 годзе ўлада зразумела (хоць і раней саджала блогераў на „содні“, прысуджала штрафы, распаўсюджвала фэйкі), што закрыць рот блогерам ня ўдасца, яны могуць стаць рупарам пратэсту, інфармацыйнымі каналамі. Гэтыя людзі сталі небясьпечныя для рэжыму. І было прынята рашэньне пачынаць менавіта з нас», — тлумачыць Кабанаў.

Былы міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч, архіўнае фота
Былы міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч, архіўнае фота

На яго думку, у 2020 годзе улады напружыла і тое, што блогеры аб’ядналіся. На пікет для збору подпісаў, які арганізаваў папулярны блогер Мікалай Маслоўскі, зьехаліся амаль усе вядомыя блогеры з розных куткоў Беларусі.

Аляксандар Кабанаў
Аляксандар Кабанаў

«У нас было нефармальнае аб’яднаньне, хоць і не было адзінага парадку дня, прадуманых плянаў. Мы кантактавалі, дзяліліся думкамі, інфармацыяй, але ўсе блогеры былі незалежнымі. Улады прынялі рашэньне: час заканчваць з гэтай вольніцай. І блогеры першымі апынуліся ў турмах», — кажа Кабанаў.

Сяргей Ціханоўскі - 19,5 гадоў зьняволеньня, 825 дзён інкамунікада

Прадпрымальнік Сяргей Ціханоўскі прызнаваўся, што стаў блогерам, каб расказваць пра бюракратыю. Ён хацеў зрабіць з выкупленага «кулацкага дому» ў вёсцы Агародня аграсядзібу, але сутыкнуўся зь цяжкасьцямі. Заснаваў youtube-канал «Краіна для жыцьця». Першыя ролікі мелі 150-300 праглядаў, відэа выходзілі раз-два на тыдзень. Паступова Ціханоўскі стаў падымаць вострыя тэмы, і яго канал хутка стаў вельмі папулярным. У канцы траўня 2020 году на канал Ціханоўскага былі падпісаныя больш за 150 тысяч чалавек, а самае папулярнае відэа мела 719 тысяч праглядаў.

Затрымалі Ціханоўскага 29 траўня 2020 году на пікеце ў Горадні — пасьля таго як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера, патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Імгненна прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея.

Сяргей Ціханоўскі падчас турэмнага працэсу, сьнежань 2021 году
Сяргей Ціханоўскі падчас турэмнага працэсу, сьнежань 2021 году

У канцы сьнежня 2020 году ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў ByPol апублікавала расьсьледаваньне, зь якога вынікала, што справу супраць Сяргея Ціханоўскага ініцыяваў тагачасны міністар унутраных справаў Юры Караеў. ByPol апублікаваў аўдыёзапіс з голасам, падобным да голасу Караева.

«Хай галосіць на ўвесь сьвет: „По пределу, по беспределу“. Такая пачвара самая небясьпечная. Ён больш небясьпечны за ўсіх гэтых Бабарыкаў. Ён разбуральнік дзяржавы. Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!», — гучала ў аўдыёзапісе.

Судзілі Ціханоўскага разам зь іншымі блогерамі: Арцёмам Сакавым, Дзьмітрыем Паповым, Уладзімерам Цыгановічам, Зьмітром Казловым, а таксама з палітыкам Мікалаем Статкевічам. Суд у закрытым рэжыме праходзіў ў Гомельскім СІЗА і доўжыўся амаль паўгоду.

Ціханоўскі атрымаў найбольшы тэрмін — 18 гадоў. Спачатку адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15, але неўзабаве яго перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. У студзені 2023 году паводле 411

артыкулу Сяргею дадалі яшчэ 1,5 году. Амаль два з паловай гады ён адбывае пакараньне ў рэжыме інкамунікада.

Арцём Сакаў — 16 гадоў

31 траўня затрымалі Арцёма Сакава, які працаваў у Ціханоўскага ў якасьці апэратара. Аднак у канфлікце на плошчы ў Горадні ён ня ўдзельнічаў — быў у той час у кавярні.

Арцём Сакаў падчас адміністрацыйнага працэса ў Гомелі за месяц да крымінальнай справы, архіўнае фота
Арцём Сакаў падчас адміністрацыйнага працэса ў Гомелі за месяц да крымінальнай справы, архіўнае фота

Сакава абвінавачвалі паводле чатырох артыкулаў КК: 342 («арганізацыя і рыхтаваньне дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), 293 («арганізацыя масавых беспарадкаў»), 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці») і 191 («пагрозы на адрас старшыні ЦВК»). Судзьдзя Мікалай Доля прызначыў Сакаву 16 гадоў зьняволеньня.

У лістападзе 2022 году палітвязьню ўзмацнілі рэжым — яго з шклоўскай калёніі перавялі ў магілёўскую турму № 4.

Дзьмітрый Папоў — 16 гадоў, перавод у турму

Дзьмітрый Папоў — грамадзянін Расеі, мадэратар сацыяльных сетак «Краіны для жыцьця». Раней жыў у Санкт-Пецярбургу, працаваў бармэнам. Прыехаў у Беларусь у 2019 годзе. Жыў у Гомлі.

Дзьмітры Папоў, архіўнае фота
Дзьмітры Папоў, архіўнае фота

Папоў зьнік увечары 4 чэрвеня 2020 году. Знайшоўся празь некалькі дзён у ІЧУ на Акрэсьціна. Пазьней высьветлілася, што Папова затрымалі 4 чэрвеня 2020 году пад Мазыром — ён хаваўся ў знаёмага фэрмэра.

Абвінавацілі Дзьмітрыя Папова, як і Ціханоўскага з Сакавым, адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — 130, 191, 293 і 342. У кастрычніку 2022 году Папова перавялі на турэмны рэжым.

Уладзімер Цыгановіч — 15 гадоў плюс 3

Блогер и аўтар YouTube-каналу MozgON Уладзімер Цыгановіч быў затрыманы 9 чэрвеня 2020 году спачатку ў адміністрацыйнай справе. Двойчы яму давалі па 15 дзён арышту, пасьля так і ня выпусьцілі: выставілі абвінавачаньні «ў справе Ціханоўскага» — паводле арт. 293 і 342 Крымінальнага кодэксу.

На сваім канале MozgON Цыгановіч пераказваў спачатку эканамічныя і грамадзкія, а потым і палітычныя навіны. 31 траўня 2020 году ён вёў трансьляцыю пікету з Камароўкі, перад пачаткам якога затрымалі Мікалая Статкевіча. Цыгановіча абвінавацілі паводле часткі 1 арт. 293 КК («арганізацыя масавых беспарадкаў») і ч. 3 арт. 130 КК («распальваньне сацыяльнай варожасьці»).

Уладзімер Цыгановіч (у чырвоным) і Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Уладзімер Цыгановіч (у чырвоным) і Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Уладзімера судзілі ў «справе Ціханоўскага». Ён атрымаў 15 гадоў калёніі. Спачатку адбываў пакараньне ў ПК-3 «Віцьба». У сьнежні 2022 году Цыгановіча перавялі на турэмны рэжым. За кратамі блогера асудзілі паводле 411-га артыкулу за «непадпарадкаваньне» — дадалі да асноўнага тэрміну яшчэ 3 гады.

Зьміцер Казлоў — 5 гадоў плюс 1

Блогер Зьміцер Казлоў, вядомы сваім каналам «Шэры кот», быў затрыманы 10 чэрвеня 2020 году, спачатку ў адміністрацыйнай справе, якая перарасла ў крымінальную. Яго абвінавацілі ў вывешваньні плякатаў насупраць будынку суду Першамайскага раёну Менску. 12 чэрвеня пакаралі 20 днямі адміністрацыйнага арышту. А 30 чэрвеня, калі блогер меў выйсьці на волю, супраць яго завялі крымінальную справу.

Зьміцер Казлоў, архіўнае фота
Зьміцер Казлоў, архіўнае фота

Блогерствам «Шэры кот» захапіўся ў 2017 годзе. Спачатку здымаў відэаролікі аб праблемах Аршаншчыны, але паступова перайшоў да палітычнай тэматыкі. На волю з бабруйскай калёніі № 2 Зьміцер Казлоў меў выйсьці 28 лістапада, цалкам адбыўшы тэрмін. Аднак 29 лістапада ў судзе Бабруйску і Бабруйскага раёну яго зноў судзілі — абвінавацілі ў злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі папраўчай установы (паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу) і дадалі яшчэ 1 год зьняволеньня.

Аляксандар Кабанаў — 3 гады

Кабанава затрымалі 15 чэрвеня 2020 году — патэлефанавалі нібыта з паліклінікі, запрасілі зьявіцца для кантролю па карантыне пасьля каранавірусу. З паліклінікі даставілі ў ІЧУ Ленінскага раёну Берасьця, асудзілі спачатку на 15 содняў, аднак праз 5 дзён завялі крымінальную справу.

У 2017 годзе Кабанаў арганізоўваў «Маршы недармаедаў», змагаўся за скасаваньне дэкрэту № 3. Яго затрымлівалі, саджалі на «содні», штрафавалі, зрабілі невыязным. Потым Кабанаў стаў працаваць дуэтам зь берасьцейскім блогерам Сяргеем Пятрухіным у праекце «Народны рэпартэр». Асобныя выпускі «Народнага рэпартэра» мелі да 200 тысяч праглядаў.

Аляксандар Кабанаў (з мэгафонам) падчас “Маршу недармаедаў” 26 лютага 2017 ў Берасьці, архіўнае фота
Аляксандар Кабанаў (з мэгафонам) падчас “Маршу недармаедаў” 26 лютага 2017 ў Берасьці, архіўнае фота

Калі 29 траўня 2020 году ў Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага і ягоны штаб ачоліла жонка Сьвятлана, Аляксандар Кабанаў пагадзіўся стаць прэс-сакратаром штабу Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго абьвінавачвалі ў справе Ціханоўскага — нібыта ён разам зь Сяргеем быў на мітынгу ў Горадні. Аднак менавіта ў той час Кабанаў ляжаў у шпіталі з ковідам.

14 красавіка 2020 году Кастрычніцкі суд Магілёва прызнаў Аляксандра Кабанава вінаватым у «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак» (артыкул 342) і «зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» (артыкул 369 КК). Блогер атрымаў 3 гады калёніі. Адбываў тэрмін ён у наваполацкай калёніі № 1, некалькі разоў трапляў у ШЫЗА. Выйшаў на волю 17 сьнежня 2022 году.

Сяргей Пятрухін — 3 гады

Блогера Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня 2020 году ў вёсцы Востраў пад Пухавічамі. Арыштоўваць яго прыехалі больш за 20 сілавікоў на 9 аўтамабілях.

Берасьцеец Сяргей Пятрухін пачаў займацца блогерствам у 2014 годзе: зьняў паўгадзінны ролік пра сваё «змаганьне» з ЖЭСам. Ягоны канал «Народны рэпартэр» на YouTube меў больш за 12 мільёнаў праглядаў. Да блогера сталі зьвяртацца жыхары гораду, якія не маглі даць рады праблемам у афіцыйных установах. Пазьней Пятрухін разам з Аляксандрам Кабанавым далучыўся да кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці.

Сяргей Пятрухін
Сяргей Пятрухін

Сяргея Пятрухіна некалькі разоў арыштоўвалі ў 2018 годзе, а ў 2019-м Сьледчы камітэт завёў на яго крымінальную справу — за паклёп на ўчастковага міліцыянта. Блогер віны не прызнаў і грамадзкай дзейнасьці не спыніў. Разам з Кабанавым Пятрухіна судзілі адным зь першых. 14 красавіка 2021 году судзьдзя Кастрычніцкага суду Магілёва Вольга Краўчанка паводле трох артыкулаў КК прызначыла яму 3 гады пазбаўленьня волі.

17 сьнежня 2022 году Сяргей Пятрухін выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Празь некаторы час зьехаў за мяжу.

Затрыманьні пасьля выбараў: Павал Сьпірын — 4,5 году плюс 1

Блогера Паўла Сьпірына затрымалі 4 верасьня 2020 году за два відэаблогі на YouTube. Гэта фільм «Грань» — пра наркагандаль у Беларусі, а таксама блог «Жудасная таямніца генэральнага пракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм» — пра падзеі 9 жніўня і гвалт амапаўцаў над мірнымі дэманстрантамі.

Павал Сьпірын падчас судовага працэсу, студзень 2021
Павал Сьпірын падчас судовага працэсу, студзень 2021

Паўла Сьпірына судзілі самым першым з усіх блогераў — у лютым 2021 году. Яму прызначылі 4,5 году калёніі адпаведна частцы 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасьці».

Павал меў выйсьці на свабоду ў сьнежні 2024 году. Але ў лістападзе адміністрацыя бабруйскай калёніі № 2 завяла на яго новую крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК («непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»). Сьпірыну дадалі яшчэ 1 год.

Эдуард Пальчыс — 13 гадоў, турэмны рэжым

Эдуарда Пальчыса затрымалі 27 верасьня 2020 году. Спачатку далі 15 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 24 траўня каля Камароўскага рынку, потым яшчэ 15. За кратамі на яго завялі крымінальную справу паводле «народнага» 342-га артыкулу, потым дадалі яшчэ тры крымінальныя артыкулы.

У 2015 годзе Пальчыс ужо праходзіў у крымінальнай справе. Пад псэўданімам Jhon Silver ён публікаваў на сваім сайце гістарычныя матэрыялы і артыкулы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў. У канцы кастрычніка 2016 году Менскі гарадзкі суд прысудзіў яму 1 год і 9 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

Суд над Эдуардам Пальчысам. Менск, 28 кастрчніка 2016 году
Суд над Эдуардам Пальчысам. Менск, 28 кастрчніка 2016 году

У прэс-рэлізе ад 15 лістапада 2021 году Сьледчы камітэт заявіў: «Асноўнай зброяй Пальчыса былі створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках, якія захапілі большую частку аўдыторыі краіны, яе давер, і выкарыстоўваліся для кіраваньня сьвядомасьцю натоўпу, давядзеньня „патрэбнай“ інфармацыі, схіленьня да заплянаваных злачынных дзеяньняў».

17 сьнежня 2021 году ў закрытым працэсе судзьдзя Менскага гарадзкога суду Пётра Арлоў прысудзіў Пальчысу 13 гадоў пазбаўленьня волі. Эдуард пачаў адбываць пакараньне ў наваполацкай ПК-1, аднак ў жніўні 2022 году палітвязьня перавялі у магілёўскую турму № 4.

«Улада думала, што беларусам патрэбныя „лялькаводы“»

Мэдыяэкспэртка, доктарка навук Ірына Сідорская ў размове з Свабодай тлумачыць, чаму ўлады зьдзейсьнілі масавы «наезд» на блогераў перад выбарамі 2020 году. На яе думку, тады кіраўніцтва Беларусі спачатку хацела пераканаць сябе, што аб’ектыўных прычын для незадаволенасьці ў народу няма, а людзей хтосьці падбухторвае.

«Улада думала, што самі беларусы і беларускі ні на што ня здольныя, ім патрэбныя „лялькаводы“, і менавіта яны падбухторваюць народ. Улада хацела пераканаць сябе, што аб’ектыўных прычын для незадаволенасьці ў народу няма. І стала шукаць такіх людзей і паляваць на іх. Але ўлада не хацела разумець, што людзі даўно ўжо ня хочуць гэтай улады! Ну і знайшла тых „лялькаводаў“, якія нібыта правакуюць людзей. Думку пра тое, што сам беларускі народ, што самі людзі стаміліся ад той улады, прызнаць яны не маглі», — кажа мэдыяэкспэртка.

Ірына Сідорская
Ірына Сідорская

На думку Сідорскай, менавіта з гэтай прычыны адбылася зачыстка — у інфармацыйным полі нічога не павінна быць, акрамя сваёй прапаганды.

«Бо як прапаганда працуе? Гэта ня тое, што яна сама эфэктыўная. Прапаганда найперш заглушае іншыя галасы, каб у людзей была толькі афіцыйная крыніца інфармацыі. Таму і „зачысьцілі“ усіх папулярных блогераў», — перакананая Ірына Сідорская.

«Улада не плянуе выпускаць блогераў»

На думку Аляксандра Кабанава, нават у тых блогераў, у якіх тэрміны ўвязьненьня ў параўнаньні зь іншымі невялікія (Зьміцер Казлоў, Павал Сьпірын) — мала шанцаў выйсьці пасьля адбыцьця тэрміну.

«Ва ўлады такое меркаваньне: калі чалавек трапле ў турму, яго там запалохаюць да такой ступені, што ён выйдзе і будзе маўчаць, — яго зламалі. А тут я выйшаў і пачаў даваць інтэрвію, удзельнічаць у розных ініцыятывах. Плюс людзі, якія выходзяць, часта выяжджаюць за мяжу і шчыра апавядаюць пра тое, што адбываецца ў калёніях.

То бок улада зразумела, што турма не зьмяніла палітвязьня, а наадварот — надала яму пэўны стымул. Таму цяпер, на жаль, улада не плянуе выпускаць блогераў, нават калі тыя адседзелі свае тэрміны», — выказвае свой прагноз Аляксандар Кабанаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG