Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра нацыянальную ідэю: «Можа, яна і ёсьць... Але я не адчуваю»


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

А галоўным органам у сваёй адміністрацыі дзеля падбору кадраў ён лічыць «шчупальцы».

Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам сваёй адміністрацыі, якую назвай «палітычным штабам і кантрольным органам».

«Я не перабольшваю, калі кажу, што праца ў адміністрацыі прэзыдэнта, кіраўніка адміністрацыі, кіраўніцтва — гэта гарачая патэльня. Мэта наступнай працы — абазначыць вузкія месцы, адкарэктаваць падыходы да вырашэньня тых задач, якія былі пастаўленыя перад краінай», — цытуе Аляксандра Лукашэнку ягоны сайт.

Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў кадравую палітыку і адзначыў, што на вольныя вакансіі доўга шукаюць кандыдатаў. «Адміністрацыя павінна прынцыпова, жорстка падыходзіць да адбору кандыдатаў, якіх прапануюць. Вы сваімі шчупальцамі павінны бачыць кадры ў цэлым, пачынаючы ад калгасаў, саўгасаў і заканчваючы самым высокім узроўнем», — заявіў ён.

Паводле яго, неабходна распрацаваць нацыянальную ідэю.

«Дай Божа, каб мы, нарэшце, народу дакладна сказалі ня толькі, што такое ідэалёгія, а як мы заўсёды кажам: вось напрацаваць бы нам такую нацыянальную ідэю, якая б магла захапіць душы і сэрцы, розум людзей. Можа, яна і ёсьць. Некаторыя кажуць — „патрыятызм“, яшчэ нешта. Але я не адчуваю, што ёсьць такая ідэя. Калі мы яе напрацуем (а гэта павінна быць вельмі важнай для нас мэтай, якая захопіць усё — ад сэрца да розуму чалавека) — гэта вяршыня», — мяркуе Лукашэнка.

Яшчэ адной тэмай нарады стала праца з зваротамі грамадзян. Ён заявіў, што «у ідэале іх (зваротаў. — РС) увогуле не павінна быць».

«Як мінімум звароты не павінны даходзіць да ўзроўню адміністрацыі прэзыдэнта. Яны павінны вырашацца на месцах. Але, калі дайшлі, то ў працэсе разбору варта асаблівую ўвагу зьвярнуць на аналіз кампэтэнтнасьці тых інстанцый, дзе людзі так і не атрымалі дапамогі ў вырашэньні свайго пытаньня», — сказаў Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG