Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў аб сьмерці 66-гадовай жанчыны празь некалькі тыдняў пасьля затрыманьня на мяжы і зьняволеньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Згодна з інфармацыяй «Вясны», жанчыну затрымалі за «падабайкі» ў сацыяльных сетках у пачатку году ў адным з памежных пунктаў пропуску пры вяртаньні ў Беларусь. Да суду яе зьмясьцілі ў ізалятар у Берасьці, а праз тры дні вызвалілі, прызналі вінаватай у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях) і прысудзілі штраф у 20 базавых велічыняў.
Вядома, што ў ізалятары жанчына захварэла на запаленьне лёгкіх. Пасьля вызваленьня яна паехала дадому, дзе спачатку самастойна змагалася з хваробай. Праз тыдзень яе забралі ў лякарню. Але праз чатыры тыдні жанчына памерла. Прычына — слабы імунітэт і запаленьне лёгкіх.
Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што тады ж на мяжы з Польшчай пасьля дадатковых праверак з аўтобуса таксама зьнялі мужчыну, але ягоны лёс невядомы.
Паводле інфармацыі «Вясны», з пачатку 2025 году на мяжы зь Беларусьсю былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. Кожны дзень у беларускіх пунктах пропуску правяраюць тэлефоны, дапытваюць, затрымліваюць. Апроч гэтага, па-ранейшаму выводзяць з транспарту для «гутаркі» ўкраінцаў, якую едуць транзытам праз Беларусь.
Падставай для «зацікаўленасьці» пэўным чалавекам могуць стаць яго легалізацыя ў іншай краіне, доўгая адсутнасьць у Беларусі, «экстрэмісцкія» падпіскі ў тэлефоне і нават асабістая перапіска, якая сілавікам можа падацца «падазронай». Некаторых пасьля праверак адразу выводзяць у кайданках з аўтобуса і праводзяць да суду ў ІЧУ, а па некаторых прыходзяць праз некалькі дзён.
Пад перасьлед трапляюць як беларусы, так і грамадзяне іншых краін, у асноўным украінцы. Таксама вядомы выпадак, калі чалавеку пасьля вяртаньня сілавікі прапаноўвалі «супрацоўніцтва».
Форум