«Мэта — паменшыць залежнасьць ЭЗ ад гэтага імпарту, а таксама скараціць прыбыткі Расеі ад экспарту, тым самым абмяжоўваючы яе здольнасьць фінансаваць сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Эўрапейскай рады.
Павышэньне тарыфаў на ўгнаеньні будзе адбывацца паступова, на працягу пераходнага пэрыяду тры гады.
«Дэвіз польскага старшынства — „Бясьпека, Эўропа!“, і гэтыя меры павышаюць нашу эканамічную бясьпеку, скарачаючы залежнасьць ад Расеі. Мы яшчэ больш скарачаем экспартныя даходы Расеі і, такім чынам, яе здольнасьць фінансаваць сваю жорсткую вайну. Гэта аб’яднаная Эўропа ў найлепшым выглядзе», — пракамэнтаваў рашэньне Міхал Бараноўскі, намесьнік дзяржаўнага сакратара Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і тэхналёгіяў Польшчы, адказны за гандаль.
Пасьля ўступленьня заканадаўства ў сілу тарыфы ЭЗ будуць стасавацца ўсіх сельскагаспадарчых прадуктаў з Расеі, бо іншыя сельскагаспадарчыя тавары ўжо абкладаюцца мытам. Новыя тарыфы датычацца прадукцыі, якая складала 15% усяго сельскагаспадарчага імпарту з Расеі ў 2023 годзе. У катэгорыі ўгнаеньняў новыя тарыфы ўводзяцца для некаторых прадуктаў на аснове азоту.
Акрамя паслабленьня ваеннай эканомікі Расеі, новыя тарыфы дапамогуць зьнізіць залежнасьць ЭЗ ад Расеі і Беларусі, а таксама дазволяць дывэрсыфікаваць пастаўкі ўгнаеньняў, гарантуючы іх стабільнасьць і робячы іх даступнымі для фэрмэраў ЭЗ.
Пастанова набудзе моц з 1 ліпеня 2025 году.
- Дзейныя тарыфы ў 6,5% на ўгнаеньні зь дзьвюх краін застануцца, але да іх дададуць мыты ад 40 да 45 эўра за тону да сярэдзіны 2026 году.
- Потым мыты будуць паступова расьці да 430 эўра за тону ў 2028 годзе, купляць прадукцыю зь Беларусі і Расеі будзе эканамічна немэтазгодна.
- У 2023 годзе ЭЗ імпартаваў з Расеі 3,6 мільёна тон азотных угнаеньняў на суму 1,28 мільярда эўра. Гэта склала 25% агульнага аб’ёму імпарту ЭЗ, што зрабіла Расею найбуйнейшым экспартэрам у ЭЗ. Летась тэндэнцыя росту працягвалася: было пастаўлена 4,4 мільёна тон расейскіх угнаеньняў, або 30% агульнага аб’ёму імпарту.
- Аб’ём гандлю ўгнаеньнямі зь Беларусьсю невялікі, усяго 30 мільёнаў эўра летась, але Брусэль вырашыў нацэліцца і на яго з прычыны цесных палітычных і эканамічных сувязяў паміж Менскам і Масквой, а таксама перадухіленьня паставак расейскіх угнаеньняў празь Беларусь, калі мытны рэжым ня будзе сынхранізаваны.
- Новыя тарыфы таксама павялічаць на 50% тарыфы ЭЗ для расейскай і беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, такой як цукар, воцат, мука і корм для жывёлы.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.
Форум