Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі каля сотні сайтаў расейскіх адміністрацыяў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сваю акцыю беларускія хакеры прымеркавалі да расейскага дзяржаўнага сьвята «Дзень Расеі», якое адзначаецца 12 чэрвеня.

У прыватнасьці, сайт «Нефтегазоэксперт» беларускія хакеры аформілі кадрамі вайны ва Ўкраіне, каб нагадаць расейцам пра вайну, якую пачала іхная дзяржава супраць суседняй Украіны.

«Сёньняшні дзень Расеі — гэта ганебнае сьвята тых, хто намагаецца баляваць на касьцях і крыві тысячаў мірных людзей і ваяроў, загінулых за свабоду і незалежнасьць ад расейскіх захопнікаў. Не дазволім пра гэта забыць», — напісалі ў сваім тэлеграм-канале «Кібэрпартызаны».

Ініцыятыва заявіла, што ўзламала 95 сайтаў адміністрацыяў па ўсёй Расеі. Іх таксама аформілі кадрамі вайны ва Ўкраіне.

«Ганьба людзям, якія заплюшчваюць вочы і нават падтрымліваюць боль і гвалт „русского мира“. Альбо лічаць, што іх гэта не датычыцца, бо непасрэдна над іх галовамі не лятаюць ракеты», — дадалі «Кібэрпартызаны».

Арганізацыя займае праўкраінскую пазыцыю ў вайне і ўжо выкрыла шэраг наймітаў зь беларускімі пашпартамі, якія падпісалі кантракты з расейскім войскам і адправіліся на вайну.

  • «Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных хакераў, зьявілася ў верасьні 2020 году.
  • Атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы дзяржаўных установаў і сілавых структураў Беларусі, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньню у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.
  • Супольнасьць пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.
  • Сваю дзейнасьць «Кібэрпартызаны» называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG