Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падоўжыў на чарговы год, пачынаючы з 16 чэрвеня, дзеяньне нацыянальнага рэжыму надзвычайнай сытуацыі (НС) у дачыненьні да Беларусі, як вынікае з дакумэнту, апублікаванага Фэдэральным рэестрам ЗША.
У апавяшчэньні зазначаецца, што «дзеяньні і палітыка некаторых чальцоў ураду Беларусі і іншых асобаў», а таксама «згубная дзейнасьць і шматгадовыя злоўжываньні беларускага рэжыму... становяць сабой незвычайную і надзвычайную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі і замежнай палітыкі Злучаных Штатаў».
Прэзыдэнт Джордж Буш-малодшы ўвёў рэжым НС у дачыненьні да Беларусі пасьля асуджэньня экс-кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандра Казуліна (быў асуджаны на 5,5 году зьняволеньня, але выйшаў на волю ў жніўні 2008-га). Такім чынам, указ № 13405 «Блякаваньне ўласнасьці пэўных асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы або інстытуты ў Беларусі» амэрыканскія прэзыдэнты штогод прадаўжаюць ужо цягам 18 гадоў, з 2007 году.
У 2006 годзе пад абмежаваньні трапілі Аляксандар Лукашэнка, намесьніца кіраўніка яго адміністрацыі Натальля Пяткевіч, міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка, дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман, камандзір САХР Дзьмітры Паўлічэнка, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, дарадца Лукашэнкі ў нацыянальнай бясьпецы, ягоны старэйшы сын Віктар Лукашэнка.
Большасьць згаданых асобаў ужо не займае названыя пасады, некаторыя зь іх не жывуць у Беларусі.
Як і ў аналягічным дакумэнце год таму, у новым адзначаецца, што 9 жніўня 2021 году санкцыі былі пашыраныя з прычыны дзеяньняў беларускага рэжыму, накіраваных на «ўціск дэмакратыі, правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі», у тым ліку «незаконных рэпрэсіяў, зьвязаных з фальсыфікацыяй прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 году і іх наступствамі», а таксама за «ліквідацыю палітычнай апазыцыі і арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці» і «стварэньне пагрозы міжнародным цывільным авіяперавозкам».
Форум