У ЗША беларуса Аляксандра Булатага, сына палітычнага ўцекача Вадзіма Булатага, які легальна ўехаў у краіну, хочуць дэпартаваць з краіны ў паскораным парадку. Гэта адбылося пасьля ўвядзеньня новых законаў у міграцыйнай палітыцы, плёну дзейнасьці адміністрацыі прэзыдэнта Дональда Трампа, паведамляе NPR.
Вадзім Булаты браў удзел у пратэстах у Беларусі, у 2022 годзе выехаў з краіны і атрымаў палітычны прытулак у ЗША. Цяпер ён жыве ў Мінэсоце.
У траўні 2025 году Вадзім суправаджаў свайго старэйшага сына Аляксандра на першае слуханьне ў мясцовым іміграцыйным судзе. Аляксандар прыбыў у ЗША ў 2024 годзе на законных падставах, праз аплікацыю CBP One — інструмэнт, распрацаваны пры адміністрацыі папярэдняга прэзыдэнта Джо Байдэна, каб легалізаваць уезд мігрантаў праз пэўныя пункты пропуску. Ён таксама падаў заяву на прытулак і плянаваў аб’яднаць сваю справу з бацькавай.
Адвакат Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША ў судзе хадайнічаў аб закрыцьці справы. Аднак адразу па выхадзе з залі суду Аляксандра затрымалі супрацоўнікі службы іміграцыйнага кантролю (ICE) ЗША. Яму заявілі, што ён падлягае паскоранай дэпартацыі цягам трох дзён.
З таго часу беларус знаходзіцца ў іміграцыйным ізалятары ў Мінэсоце, а ягоны адвакат Малінда Шміхен спрабуе спыніць высылку, сьцьвярджаючы, што ў Беларусі яму пагражае неадкладны арышт. Свой арышт і падзеі пасьля суду беларус назвай пасткай, адзначыўшы, што зусім не чакаў такога разьвіцяьця падзей.
Аляксандар расказаў свайму бацьку, што яго трымаюць у перапоўненым пакоі, дзе, апрача яго, яшчэ 30 чалавек. Сьвятло не выключаюць, шпацыраў не даюць.
Вадзім Булаты мае легальны статус і жыве зь сям’ёй у прадмесьці Атсыга гораду Мінэапалісу, штат Мінэсота. Аднак ён адзначае, што цяпер хвалюецца ня толькі за старэйшага сына, але й за лёс жонкі і іншых сыноў, якія такога статусу ня маюць.
«Я ўцёк ад адной дыктатуры, і цяпер я не хачу, каб паўстала іншая, ужо ў Амэрыцы», — сказаш Булаты-старэйшы.
Раней ICE атрымала загад арыштоўваць па краіне па 3000 чалавек штодзённа. Булаты-малодшы адзін з больш чым сотні чалавек, арыштаваных міграцыйнымі судамі ў краіне апошнім часам.
Стратэгія Міністэрства ўнутранай бясьпекі ў закрыцьці справаў і арыштах мігрантаў у судзе спачатку засьпела судзьдзяў і адвакатаў зьнянацку. Амэрыканская праўная асацыяцыя ў справах імігрантаў абвінаваціла адміністрацыю Дональда Трампа ў спробах абысьці закон і па-за судовымі працэсамі выслаць з краіны як мага больш імігрантаў, якія ня маюць аформленага права на жыхарства ў Злучаных Штатах.
Спачатку новую тактыку масавых арыштаў стасавалі ў 14 гарадах, а затым практыка пачала распаўсюджвацца. Прычым, як адзначаюць праўнікі, арышт пагражае нават тым людзям, якія ідуць крок за крокам паводле ўсіх рэкамэндацыяў аб легалізацыі свайго жыхарства ў ЗША.
Форум