«Усё большую папулярнасьць сярод замежных грамадзян з кожным годам набывае мэдычны турызм. Так, у 2024 годзе з гэтай мэтай нас наведалі больш за 160 тысяч грамадзян з 159 краін сьвету. У параўнаньні з 2023 годам колькасьць лекаваных замежных грамадзян вырасла на 20%», — сказаў Леанід Недзень на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.
Паводле яго, найчасьцей прыяжджалі грамадзяне Расеі, Кітаю, Казахстану, Узбэкістану, Малдовы, Сырыі, Нямеччыны, ЗША, Італіі, Ізраілю, Кіпру, Чарнагорыі, Польшчы і іншых краін.
«Найбольш запатрабаваныя стаматалягічныя, афтальмалягічныя, кардыялягічныя і кардыяхірургічныя паслугі, паслугі ў галіне анкалёгіі, пратэзаваньня суставаў, трансплянтацыі клетак, органаў і мэдычныя паслугі ў санаторыях», — удакладніў ён.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у Беларусі палепшылася забясьпечанасьць мэдычным пэрсаналам. Згодна з апублікаванымі 11 чэрвеня зьвесткамі, у краіне на 10 тысяч чалавек прыпадае 54 лекары-практыкі (у аналягічнай статыстыцы, апублікаванай сёлета ў красавіку, у 2024 годзе гэты паказьнік складаў 45,5. — РС) і 136 сярэдніх мэдычных працаўнікоў (у красавіку 122,3).
«18% усіх мэдычных кадраў — гэта асобы пэнсійнага ўзросту. Але нас гэта не палохае. Гэта наш „залаты фонд“, гэта нашы настаўнікі, якія перадаюць досьвед гэтым маладым спэцыялістам», — заявіла начальніца галоўнага ўпраўленьня кадравай працы і прафэсійнай адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольга Калюпанава.
Паводле Белстату, у Беларусі забясьпечанасьць лекарамі-практыкамі большая, чым у Нарвэгіі, Нямеччыне, Швайцарыі і Баўгарыі, а малодшым мэдычным пэрсаналам — чым у Нямеччыне, Швайцарыі, Нідэрляндах і Аўстрыі.
З словаў каардынатаркі Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці ByMedSol Лідзіі Тарасенкі, у Беларусі толькі летась скарацілі каля 1000 ставак, якія не было кім закрыць.
Згодна з статыстыкай, у 2024 годзе ў Беларусі працавалі 564 лякарні (у красавіцкай справаздачы было менш — 553) і 2 693 амбуляторна-паліклінічныя ўстановы (у красавіку гэтая лічба складала 1 394). Калі пакладацца на гэтыя лічбы, то зь іх вынікае, што ў Беларусі за некалькі месяцаў узьнікла больш як 10 шпіталёў і 1300 новых паліклінік і амбуляторыяў.
Форум