11 чэрвеня суд у Таліне асудзіў журналістку Сьвятлану Бурцаву на 6 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў дзяржаўнай здрадзе і парушэньні міжнародных санкцый. Прычынай стала яе супраца з расейскім дзяржаўным інфармацыйным агенцтвам «Россия сегодня» і напісаньне кнігі, якую суд прызнаў прапагандай, піша ERR.
Згодна з прысудам, Бурцава напісала і апублікавала кнігу «Гібрыдная вайна дзеля міру». Суд палічыў, што работа накіраваная на падрыў даверу да эстонскіх уладаў і дэстабілізацыю грамадзтва. Кампанія, якая яе заказала, праводзіла «інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі на карысьць Расеі». На гэтым настойвала абвінавачаньне. За гэты эпізод аўтарку асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі.
Кіраўнік «России сегодня» Дзьмітрый Кісялёў на момант супрацы Бурцавай з выданьнем ужо быў пад санкцыямі Эўразьвязу. Суд устанавіў, што, публікуючы матэрыялы і прадастаўляючы фатаграфіі для агенцтва, журналістка забясьпечыла аб’екту санкцый «доступ да эканамічных рэсурсаў», дадае ERR.
Нягледзячы на тое, што колькасьць апублікаваных матэрыялаў была адносна невялікай, сам факт супрацы з СМІ, зьвязанымі з Кісялёвым, лічыцца значным, адзначае выданьне.
Абарона Бурцавай настойвала на яе невінаватасьці. Прысуд не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.
На этапе сьледзтва выявілася, што Бурцава ў 2021 годзе скончыла ўнівэрсытэт у акупаваным расейцамі ўкраінскім Севастопалі з ступеньню магістра ў галіне інфармацыйных і гібрыдных канфліктаў. Паводле эстонскіх уладаў, за гэтую праграму адказваў былы афіцэр контравыведкі ФСБ Расеі, зь якім Бурцава выдала сваю кнігу.
Эстонскае грамадзянства Бурцава атрымала ў парадку натуралізацыі яшчэ ў 1994 годзе, а на расейскую прапаганду пачала працаваць у 2017 годзе.
Зь мінулага году Бурцава зьяўляецца сябрам партыі Koos, адзін зь лідэраў якой Айва Пэтэрсан знаходзіцца пад судом па абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрадзе.
1 сакавіка 2024 году Бурцаву ўзялі пад варту. За дзяржаўную здраду ёй пагражала да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Але выніковы прысуд стаў нашмат мякчэйшым.
Форум