Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі стала значна менш станцыяў хуткай дапамогі і шпіталяў


На станцыі хуткай дапамогі ў Менску, архіўны здымак
На станцыі хуткай дапамогі ў Менску, архіўны здымак

У канцы 2024 году ў Беларусі было 56,2 тысячы дактароў-спэцыялістаў. Гэта на 400 больш, чым у канцы 2023-га.

Пры гэтым у краіне за год стала менш на пяць шпіталяў і на 31 станцыю хуткай дапамогі. Пра гэта сьведчаць лічбы агляду Белстату да Дня мэдычнага работніка ў Беларусі і такога ж агляду за 2023 год.

З агульнай колькасьці дактароў тых, хто практыкуе, у Беларусі 49,1 тысячы. Хоць дактароў стала крыху больш, колькасьць сярэдніх мэдычных работнікаў скарацілася на 1,1 тысячы за год і склала 123,9 тысячы асобаў.

Амбуляторна-паліклінічных арганізацыяў таксама паменела на 14 установаў. Іх засталося 2693. Шпіталяў у канцы 2024 году было 564 (на 5 менш, як у 2023 годзе), а станцыяў хуткай дапамогі — 86 (на 31 менш).

У сфэры аховы здароўя ў Беларусі працуюць пераважна жанчыны. Сярод дактароў іх у канцы 2024 году было 72,8% ад агульнай колькасьці, а сярод мэдычнага пэрсаналу — 94,7%.

Сярэдні ўзрост дактароў — 42,5 года, а мэдычных работнікаў — 43,4 года.

Раней дэфіцыт лекараў ня раз быў тэмай абмеркаваньняў урадоўцаў. Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Пяткевіч у траўні прызнала, што ў краіне ёсьць недахоп адмыслоўцаў у мэдычнай галіне, але адзначыла, што нястача лекараў адчуваецца па ўсім сьвеце, а ня толькі ў Беларусі. Паводле Пяткевіч, нівэляваць недахоп лекараў дапамагае штучны інтэлект.

Пры гэтым дзяржаўная чыноўніца пахвалілася тым, што ў Беларусі 5,5% ВУП ідзе на мэдыцыну. Але насамрэч гэта далёка не найвышэйшы паказьнік, калі параўноўваць зь іншымі дзяржавамі.

Статыстыка апэрацыяў

Акрамя статыстыкі колькасьці работнікаў і іх кваліфікацыі, Белстат падаў статыстыку апэрацыяў, у тым ліку зробленых замежным грамадзянам. У 2024 годзе беларускія лекары правялі 1153 апэрацыі ў трансплянталёгіі (997 у 2023 годзе). Зь іх 352 — перасадкі нырак, 91 — печані, 44 — сэрца.

Па мэдычныя паслугі зьвярнуліся грамадзяне 157 краінаў, што на дзесяць больш, чым у 2023 годзе.

Найбольш у Беларусі лекавалася людзей з Расеі, Казахстану, Латвіі, Сэрбіі і Кітаю.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG