Дзяржаўная Дума Расеі рыхтуе законапраект, які ўвядзе пакараньне за адмаўленьне генацыду савецкага народу ў час Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта паведаміла намесьніца сьпікера ніжняй палаты расейскага парлямэнту Ірына Яравая, перадае ТАСС.
«Мною і маімі калегамі рыхтуецца дадзеная заканадаўчая ініцыятыва аб адказнасьці за адмаўленьне генацыду», — сказала Яравая.
Яна заклікала Міністэрства юстыцыі і Сьледчы камітэт Расеі падтрымаць законапраект.
У красавіку Дума прыняла закон, які замацоўвае паняцьце «генацыд савецкага народу».
У Беларусі закон, які ўводзіць крымінальную адказнасьць за адмаўленьне генацыду беларускага народу, набыў моц яшчэ ў студзені 2022 году. Адпаведны артыкул у Крымінальным кодэксе зьявіўся пад нумарам 130-2.
У сьпісе палітвязьняў «Вясны» ёсьць адзін чалавек, асуджаны паводле гэтага артыкулу.
У Расеі ня першы раз прымаюць законы, якія выклікаюць у беларусаў пачуцьцё дэжа-вю
«Дыскрэдытацыя»
- За дыскрэдытацыю войска ў Расеі сталі караць пасьля пачатку вайны ў лютым 2022 году.
- У Беларусі за дыскрэдытацыю дзяржавы масава караюць зь вясны 2021 году.
«Замежныя агенты» і «экстрэмісцкія фармаваньні»
- У Расеі закон пра замежных агентаў зьявіўся ў 2012 годзе, але зрабілі яго максымальна жорсткім пасьля пачатку вайны ў 2022-м, працэс закручваньня гаек працягваецца і цяпер.
- У Беларусі закон «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму» прынялі ў 2007 годзе, але масава зьнявольваць людзей пачалі пасьля 2020-га. Прычым этапу штрафаў і абмежаваньня правоў, як у Расеі, не было.
Удзел у недазволеных пратэстах
- Закон «Аб масавых мерапрыемствах» у Беларусі прынялі ў 1997 годзе. Ужо тады трэба было атрымаць дазвол на акцыю, а не папярэдзіць пра яе, як у Расеі. У 2010, 2014, 2021 гадах закон узмацнялі.
- У Расеі адпаведны закон прынялі ў 2014 годзе. Прычым заставалася магчымасьць у пэўных выпадках праводзіць акцыі, паведаміўшы пра іх, а не запытаўшы дазволу. Закон таксама ня раз рабілі больш жорсткім, урэшце дайшоўшы да крымінальнай адказнасьці за ягонае парушэньне.
Звальненьні нязгодных
- З 2022 году ў Расеі праводзяць фільтрацыю дзяржаўных службоўцаў з гледзішча ляяльнасьці.
- У Беларусі каталізатарам гэтых працэсаў сталіся пратэсты 2020 году, пасьля якіх Аляксандар Лукашэнка ня раз паўтараў, што на пасадах не павінна быць праціўнікаў дзейнай улады.
Форум