Як адзначаецца ў паведамленьні, абмену целамі спрыяў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа.
Памочнік прэзыдэнта Расеі Ўладзімір Мядзінскі паведаміў, што Ўкраіна перадала Расеі целы 27 загінулых. Ён таксама анасаваў на 12 чэвреня «санітарны абмен» цяжкапараненымі палоннымі зь лініі фронту. Як вынікае з фота, якія ён апублікаваў, абмен целамі, як і раней ваеннапалоннымі, таксама адбываўся на тэрыторыі Беларусі.
Ва Ўкраіне целы перавезьлі ў спэцыяльныя ўстановы для экспэртызы, у выніку якой змогуць пацьвердзіць ці ідэнтыфікаваць асобы загінулых, і толькі потым перадаць сваякам для пахаваньня.
У праекце Каардынацыйнага штабу Ўкраіны «Хачу жыць» нагадалі, што з нагоды заплянавага абмену целамі загінулых вайскоўцаў расейскі бок абвінаваціў Украіну ў нежаданьні забіраць целы.
«Мы дамовіліся пачаць рэпатрыяцыю пасьля першага этапу абмену ўсіх на ўсіх цяжка хворых, параненых і ваеннапалонных да 25 гадоў. [...] Расея робіць тое, што ў яе выходзіць найлепш — хлусіць», — адзначылі ў праекце.
У праекце нагадалі, што Расея адмаўлялася прызнаваць загінулых і забіраць целы сваіх вайскоўцаў, якія загінулі пад Кіевам і ў паўночных рэгіёнах Украіны ў пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ў 2022 годзе.
«Яны [целы] захоўваліся ў вагонах-рэфрыжэратарах тыднямі, бо Расея адмаўлялася іх прымаць. Цягнік з вагонамі, запоўненымі целамі расейскіх салдатаў, прастаяў у Чарнігаўскай вобласьці да лета», — паведамілі ў праекце «Хачу жыць».
7 чэрвеня памочнік прэзыдэнта Расеі Ўладзімір Мядзінскі заявіў, што ўкраінскі бок нечакана адклаў «як прыём целаў, так і абмен ваеннапалоннымі на нявызначаны тэрмін».
10 чэрвеня ў расейскую інфармацыйную кампанію з гэтай нагоды ўключыўся і міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў. У інтэрвію тэлеканалу «Россия 24», як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА, ён заявіў, што адмова забіраць целы — гэта «сьвінства».
«Зразумела, для кагосьці гэта можа быць палітычна нявыгадна сёньня: грошы плаціць, прызнаць, што іх 6 тысяч і гэтак далей. А сваякі, блізкія? Гэта ж у праваслаўнай традыцыі — пахаваць чалавека. Калі не жывым вярнуць, дык хаця б вярнуць цела і годна пахаваць», — сказаў міністар замежных справаў Беларусі.
2 чэрвеня ў Стамбуле дэлегацыі Ўкраіны і Расеі дамовіліся аб новых абменах палоннымі. Як паведаміў міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў, ёсьць дамоўленасьць засяродзіцца на канкрэтных катэгорыях, а не на лічбах: на абмене «усіх на ўсіх» цяжка параненых і цяжка хворых ваеннапалонных, другая катэгорыя — гэта маладыя салдаты ўзростам ад 18 да 25 гадоў. Таксама была дамоўленасьць аб вяртаньні 6000 целаў загінулых салдатаў.
Абмен палоннымі цяпер адбываецца на мяжы Беларусі і Ўкраіны.
Форум